Кіраўнік Мінпрыроды Андрэй Каўхута падазраецца ў службовым падлогу



Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта Беларусі расследуецца крымінальная справа аб службовым падлогу ў дачыненні да шэрагу службовых асобаў. У ліку падазроных — міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута, паведаміла ў „Фэйсбуку” афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

Дзеянні Каўхуты кваліфікаваныя па ч. 4 арт. 16 (саўдзел у злачынстве ў якасці арганізатара), ч. 1 арт. 427 (арганізацыя службовага падлогу) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. „З падазроным праводзяцца следчыя дзеянні, мера стрымання не ўжывалася. Паводле рашэння следства абраная мера працэсуальнага прымусу — адхіленне ад пасады”, — паведаміла Ганчарова.У сакавіку гэтага года тэлеканал „Беларусь 1” паведаміў пра распачынанне крымінальных спраў па фактах незаконнага атрымання бюджэтных сродкаў дзяржаўным Навукова-вытворчым цэнтрам па геалогіі. Паведамлялася, што шкода перавысіла мільён рублёў — чыноўнікі нібыта выдаткавалі грошы на геалагічную разведку, якая ў рэальнасці не праводзілася. Гаворка ідзе пра грошы, выдзеленыя на рэалізацыю дзяржпраграмы да 2020 года, якая апроч іншага прадугледжвае пошук пакладаў карысных выкапняў. „У рамках дзяржпраграмы былі выдзеленыя сродкі на правядзенне геадэзічнай разведкі, па выніках конкурсу заключаныя дагаворы з буравымі прадпрыемствамі. Аднак поўны аб`ём пошукаў выкананы не быў. Для таго каб на паперы не зрываць планы, некаторыя кіраўнікі Мінпрыроды вымусілі падначаленых аформіць падробленыя дакументы”, — паведаміў тэлеканал. Андрэй Каўхута быў прызначаны міністрам 25 чэрвеня 2015 года. Да гэтага ён займаў пасаду генеральнага дырэктара РУП „Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі”, а ў 2013—2014 гадах працаваў першым намеснікам гендырэктара РУП „Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі” і дырэктарам РУП „Беларускі дзяржаўны геалагічны цэнтр”.

БелаПАН