Міністр Вашчыкоўскі выказаў занепакоенасць дзеяннямі Расеі



Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі выступіў у Сейме, адзначыўшы асноўныя накірункі польскай замежнай палітыкі.

У сваёй прамове кіраўнік польскай дыпламатыі ўзгадаў таксама пра супрацу з усходнімі суседзямі, адзначыўшы ў тым ліку вайсковыя дачыненні.

— Польшча зрабіла важны ўнёсак у выпрацоўванне міграцыйнай палітыкі Еўразвязу, што знайшло выраз у рашэннях нефармальнага саміту Еўразвязу ў Братыславе, а таксама ў фармаванне энергетычнай рэчаіснасці ў нашай частцы Еўропы. Стабілізацыя нашага суседства і шырэй, еўрапейскага суседства, гэта для Польшчы ключавое заданне. Адсюль і вынікае наша актыўнасць у дачыненнях з Украінай і Беларуссю, а таксама з дзяржавамі Блізкага Усходу і рашэнні, датычныя вайсковай заангажаванасці ў гэтым рэгіёне.   

Таксама Віталь Вашчыкоўскі скептычна выказаўся адносна магчымасці пацяплення стасункаў з Расеяй, а ключавымі партнёрамі для Польшчы назваў Вялікабрытанію, Нямеччыну ды Францыю.

Міністр раскрытыкаваў дзеянні Расеі, адзначыўшы далейшую мілітарызацыю гэтай дзяржавы:

— Я з занепакоенасцю назіраў за агрэсіўнай палітыкай Расейскай Федэрацыі  ва Усходняй Еўропе. Ва Украіне ўжо трэці год трывае ўзброены канфлікт, які раздзімае Расея. У гэтым канфлікце ўдзельнічаюць двое суседзяў Польшчы, ствараючы для нашай краіны шэраг рэальных выклікаў і пагроз. Палітычныя дзеянні Расеі суправаджаюцца канкрэтнымі мілітарнымі дзеяннямі. Мы з занепакоенасцю назіраем за разбудовай Заходняй ваеннай акругі, якая за 2016 год «узбагацілася» на тры новыя дывізіі. Трывае далейшая мілітарызацыя Калінінградскай вобласці, дзе размяшчаюцца новыя віды ўзбраення, здольныя да запуску ядзернай зброі. 

Шмат увагі міністр Вітальд Вашчыкоўскі падчас выступу надзяляе пытанням бяспекі, найперш бяспекі на тэрыторыі еўрапейскага кантынента. Адным з найбольш важным напрамкаў ён назваў далейшыя супольныя дзеянні ў межах НАТО. Ён падкрэсліў важнасць удзелу Польшчы ў натаўскіх антытэрарыстычных місіях. Пазней міністр перайшоў да праблемаў, якія цяпер стаяць перад Еўразвязам.

Беларускае Радыё Рацыя