Мінюст Беларусі хоча ліквідаваць «Гавары праўду»



Мінюст хоча ліквідаваць «Гавары праўду». Вярхоўны суд разгледзіць адпаведны пазоў 5 кастрычніка. Як вядома, «Гавары праўду» — грамадcкая кампанія, распачатая 25 лютага 2010 года. Яе першым лідарам стаў паэт Уладзімір Някляеў, які быў адным з кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах 2010 году. У красавіку 2015 году Някляеў пакінуў кампанію, яе новымі кіраўнікамі сталі Андрэй Дзмітрыеў і Таццяна Караткевіч.

Сёлета 13 ліпеня стала вядома, што Мінюст пачаў пазаплянавую праверку дзейнасці «Гавары праўду». 15 ліпеня сілавікі правялі ў офісе арганізацыі вобшук. 12 жніўня Дзмітрыева дапыталі ў рамках крымінальнай справы. Якой — ён не можа назваць праз падпіску аб невыдаванні. «Гавары праўду» зарэгістраваная як грамадская арганізацыя, аднак сёлета Дзмітрыеў абвясціў намер стварыць на яе базе палітычную партыю. З сярэдзіны ліпеня ў Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў.