Мінюст не мае прэтэнзій да партыі Станіслава Шушкевіча



Міністэрства юстыцыі ў цяперашні час не вядзе работу па ліквідацыі палітычнай партыі „Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, якую ўзначальвае Станіслаў Шушкевіч. Пра гэта заявіў міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі 9 лютага на прэс-канферэнцыі ў Менску, адказваючы на пытанне БелаПАН.

У лістападзе 2016 года ў каментары БелаПАН Станіслаў Шушкевіч не выключыў ліквідацыі БСДГ Мінюстам, матывуючы гэта адсутнасцю сродкаў на аплату партыйных офісаў. „Мы проста не ў стане плаціць па беларускіх законах належнае за партыю. Зараз я не ведаю, дзе знайсці грошы на тое, каб аплачваць партыйныя памяшканні, а каштуюць яны досыць шмат. <…> Нам надакучыла задавальняць патрэбы нашага пражэрлівага подлага заканадаўства і плаціць кожны месяц 1.200—1.300 долараў за тое, што існуе партыя”, — расказаў палітык. Паводле закона, растлумачыў Шушкевіч, належыць, каб у партыі ва ўсіх абласцях і Мінску былі афіцыйныя юрыдычныя адрасы і памяшканні офіснага тыпу. БСДГ ужо скасавала дзве дамовы аб арэндзе офісаў, паведаміў ён.

Міністр юстыцыі сёння пацвердзіў, што ў заканадаўстве ёсць пэўныя ўмовы, неабходныя для існавання палітычных партый, якія тычацца ў тым ліку наяўнасці офісаў. Пры гэтым Сліжэўскі дадаў, што ў яго няма інфармацыі аб праблемах з юрыдычнымі адрасамі у партыі Шушкевіча.

Ён таксама заявіў, што „на сёння працэдура ліквідацыі адносна гэтай партыі ці нейкай іншай не пачыналася”.

Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада была зарэгістраваная ў 1996 годзе. З 1998 года яе ўзначальвае Станіслаў Шушкевіч — старшыня Вярхоўнага савета Беларусі 12-га склікання.

belapan.by