Мінюст вынес папярэджанне Беларускай партыі „Зялёныя”



Міністэрства юстыцыі 14 кастрычніка вынесла папярэджанне Беларускай партыі „Зялёныя”. Сярод названых парушэнняў — адсутнасць абласных структур, невыкананне парадку справаздачнасці і падпісанне сумеснай партыйнай рэзалюцыі аб неабходнасці новых выбараў і спынення гвалту. Пра гэта сказана ў загадзе за подпісам намесніка кіраўніка Мінюста Мікалая Старавойтава, копію якога атрымалі ў партыі.

Як адзначае Мінюст, у адпаведнасці з заканадаўствам, партыя павінна мець структуры ў большасці абласцей Беларусі, але „ўстаноўлена, што Беларуская партыя „Зялёныя” „па стане на 1 кастрычніка 2020 года не мае мінскую гарадскую і абласныя арганізацыйныя структуры ў большасці абласцей Рэспублікі Беларусь”.

Акрамя таго, паводле звестак міністэрства, ім не прадстаўленыя спісы членаў выбарных органаў (цэнтральнага савета, кантрольна-рэвізійнай камісіі) „Зялёных”, абраных у студзені 2020 года, першасная арганізацыя № 1 партыі ў Чыгуначным раёне Гомеля не прадставіла інфармацыі аб працягу сваёй дзейнасці.

У Міністэрстве юстыцыі нагадалі таксама, што старшыня Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук удзельнічаў у абмеркаванні грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, па выніках якога ім, паводле дадзеных дзяржструктуры, была „падпісаная рэзалюцыя, якая змяшчае патрабаванні, якія не стасуюцца са статутнымі мэтамі дзейнасці Беларускай партыі „Зялёныя”.

Мінюст вынес папярэджанне і абавязаў палітычную структуру ліквідаваць парушэнні да 31 снежня. У выпадку, калі гэта не будзе зроблена, „у дачыненні да партыі можа быць пастаўленае пытанне аб ужыванні іншых мер адказнасці, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь „Аб палітычных партыях”.

„Мы лічым, што папярэджанне звязанае з тым, што не так даўно мы з прадстаўнікамі іншых партый сабраліся за круглым сталом і прынялі рэзалюцыю, у якой выступілі супраць гвалту. Падобная пазіцыя — гэта адна з каштоўнасцяў Беларускай партыі „Зялёныя”, а ў прэтэнзіі сказана, што рэзалюцыя не адпавядае мэтам і задачам палітычнай партыі, з чым мы не згодныя”, — пракаментаваў БелаПАН папярэджанне Мінюста Дзмітрый Кучук.

Ён таксама звязаў націск з тым, што „Зялёныя” былі аднымі з арганізатараў круглага стала. „Пад прэсінгам знаходзяцца ўсе палітычныя партыі”, — падкрэсліў Кучук.

Беларуская партыя „Зялёныя” збіраецца абскарджваць вынесенае папярэджанне ў Вярхоўным судзе.

Нагадаем, што 10 верасня прадстаўнікі дзесяці з пятнаццаці зарэгістраваных у Беларусі палітычных партый падтрымалі адзіную рэзалюцыю, якая асуджае гвалт, заклікае да дыялогу і правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў. Сярод падпісантаў рэзалюцыі былі як апазіцыйныя, так і прадзяржаўныя структуры.

belapan.by

[manual_related_posts]