Мірончык уручыў даверчыя граматы каралю Швецыі
Пасол Беларусі ў Швецыі Дзмітрый Мірончык 14 чэрвеня ўручыў даверчыя граматы каралю Швецыі Карлу XVI Густаву, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі.
У час цырымоніі адбылася традыцыйная аўдыенцыя ў кіраўніка шведскай дзяржавы, у ходзе якой была адзначана наяўнасць шырокага кола пытанняў, аднолькава актуальных для Беларусі і Швецыі – ад аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў да ўмацавання бяспекі і добрасуседства ў рэгіёне.
Напярэдадні каралеўскай аўдыенцыі новы кіраўнік беларускай дыпмісіі сустрэўся з кіраўніцтвам краінавага дэпартамента, а таксама службы дзяржаўнага пратакола МЗС Швецыі. Бакі канстатавалі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым развіцці беларуска-шведскіх адносін, абмеркавалі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва і канкрэтныя крокі, накіраваныя на хутчэйшае аднаўленне пазітыўнай дынамікі па ўсім спектры двухбаковага парадку дня.
