„Міжнародная амністыя” патрабуе раскрыць месцазнаходжанне Калеснікавай



Беларускія ўлады павінны неадкладна раскрыць месцазнаходжанне члена прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай і неадкладна вызваліць яе, заявіла праваабарончая арганізацыя „Міжнародная амністыя”.

„Беларускія ўлады звярнуліся да падобных на выкраданні арыштаў, каб расправіцца са сваімі апанентамі. Паводле слоў сведкаў, Марыю Калеснікаву проста запхнулі ў фургон людзі ў масках. Такім чынам, яна стала апошняй у доўгай чарадзе крытыкаў урада, якія зніклі падобным чынам за апошнія 20 гадоў”, — заявіла дырэктар „Міжнароднай амністыі” па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразэрс.

„Мы заклікаем да неадкладнага вызвалення Марыі Калеснікавай і спынення кампаніі запалохвання і палітычнага пераследу праціўнікаў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Яе выкраданне мела месца пасля соцень новых арыштаў актывістаў у мінулую нядзелю, запалохвання навучэнцаў школ і ўніверсітэтаў і гвалтоўнага выгнання з краіны лідараў пратэсту. Мы патрабуем вяртання да вяршэнства закона і поўнай павагі правоў чалавека ў Беларусі”, — сказала Стразэрс.

Калеснікаву спрабавалі вывезці ва Украіну, аднак яна парвала свой пашпарт і была зноў затрыманая. Яе месцазнаходжанне пакуль невядомае.

belapan.by