Міжнародныя вайсковыя вучэнні на Берасцейшчыне



6 чэрвеня на палігоне „Брэсцкі” пачаліся шматнацыянальныя беларуска-расейска-сербскія тактычныя вучэнні „Славянскае братэрства — 2017”, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.

Вучэнні пройдуць на палігоне, участках мясцовасці ў Брэсцкім раёне і на рацэ Мухавец. Кіруе імі камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных сіл Беларусі генерал-маёр Вадзім Дзенісенка.

У вучэннях бярэ ўдзел ўзмоцнены асобны дэсантна-штурмавы батальён 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады сіл спецыяльных аперацый УС Беларусі, парашутна-дэсантны батальён 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі Паветрана-дэсантных войскаў УС Расеі і парашутная рота Спецыяльнай брыгады УС Сербіі. Разам увесь кантынгент складае шматнацыянальную батальённую тактычную групу.

Вучэнні праходзяць у два этапы. Актыўная фаза адбудзецца 12—14 чэрвеня.

Адна з галоўных мэтаў вучэнняў — адпрацоўка пытанняў сумесных дзеянняў узброеных сіл Беларусі, Расіі і Сербіі пры выкананні задач па барацьбе з тэрарызмам, а таксама павышэнне ўзроўню ўзаемадзеяння падраздзяленняў у складзе штатных і зводных шматнацыянальных падраздзяленняў пры выкананні розных вучэбна-баявых задач.

У практычных дзеяннях задзейнічана больш за 800 ваеннаслужачых і звыш 100 адзінак баявой і спецыяльнай тэхнікі.

БелаПАН