«Мне гэты працэс абсалютна не патрэбны»



Лукашэнка расказаў, што будзе пасля рэферэндуму. Паводле яго слоў, ёсць два варыянты развіцця падзей. Адзін прадугледжвае, што праект Канстытуцыі не будзе зацверджаны, другі — праект прымуць, і за ім рушыць праца па змене заканадаўства.

«Далей два варыянты: ці народ прымае змены да гэтай Канстытуцыі і ў нас з’яўляецца абноўленая Канстытуцыя, ці ён адхіляе гэтыя прапановы, і ў нас застаецца старая Канстытуцыя. У гэтым увесь адказ на пытанне, каму гэта выгадна і каму гэта трэба», — прыводзіць словы Лукашэнкі ягоная прэс-служба, піша REFORM.by.

Ён чарговы раз паскардзіўся на сваю занятасць і падкрэсліў, што змены Канстытуцыі яму нібыта не патрэбныя. Трэба адзначыць, што тэму канстытуцыйнай рэформы Лукашэнка ўздымаў яшчэ некалькі гадоў таму і нават казаў, што даручаў даць яму праект, які ў выніку не спадабаўся. Цяпер жа з яго слоў выходзіць, што ён занадта заняты, каб займацца рэформай. Напрыклад, такой важнай справай ён назваў сустрэчу з вайскоўцамі кантынгенту АДКБ, якія лёталі ў Казахстан.

«Калі ўжо шчыра, то мне гэты працэс абсалютна не патрэбны. У мяне, як вы бачыце, ёсць маса пытанняў, ёсць чым займацца. Прабачце за нясціпласць, часам іх настолькі шмат, што нават пасядзець дзесьці дома, перахварэць і гэтак далей няма магчымасці. Не могуць вярнуцца мае сыны, мае хлопцы, больш за 200 чалавек… Я іх не магу не сустрэць у аэрапорце і даручыць нікому гэта не магу», — сказаў Лукашэнка.

Мяркуючы па ўсім, ён лічыць больш верагодным варыянт, які прадугледжвае зацвярджэнне новай Канстытуцыі на рэферэндуме, бо досыць падрабязна распавёў аб далейшых дзеяннях.

«Таму не трэба тут замыкацца на Лукашэнку. Лукашэнка сваё зрабіў. Засталося асноўнае — прыняць Канстытуцыю, змяніць законы, прывесці ў адпаведнасць з Канстытуцыяй. Гэта мы зробім, гэта не праблема. Мы гэта будзем рабіць, каб усе ведалі, з цяперашнім парламентам, з вамі, з цяперашнімі спецыялістамі. Мы не будзем шукаць дзесьці за мяжой, і дамарослых у тым ліку, спецыялістаў для таго, каб прывесці да лагічнага заканчэння канстытуцыйны працэс. Калі мы гэта ўсё зробім, устаканім, дашліфуем, калі гэта трэба будзе, тады, калі ласка, прыходзьце, будзем фармаваць новыя органы ўлады і жыць далей па новых законах і новых правілах», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, асноўны закон павінен атрымаць больш стабільны характар, таму яго не трэба перанасычаць дэталямі, якія можна ўдакладніць на ўзроўні законаў і падзаконных актаў.

Да гэтага Лукашэнка выказаў асцярогі з нагоды працэсу рэфармавання. Паводле яго слоў, можна зрабіць так, што будзе, як у Казахстане ці Украіне.

[manual_related_posts]