„Моладзевы блок” працягне сваю працу



Нефармальнае аб’яднанне „Моладзевы блок”, якое брала ўдзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў, працягне сваю працу, паведаміла БелаПАН актывістка Алана Гебрэмарыям.

„Моладзевы блок працягне сваё існаванне. Праблема была ў тым, што мы працавалі пад парламенцкую кампанію. Цяпер гэта больш падобна на нешта сярэдняе паміж грамадзянскай ініцыятывай і грамадскай арганізацыяй. Мы плануем стварыць статут, распрацавалі стратэгічны план, вызначылі місію, намецілі мэты. Ёсць разуменне, куды развівацца. Таму што была кампанія і напрамкі, а структуры не было. Зараз наладжваем валанцёрскую службу, працу медыяаддзела”, — сказала яна.

На дадзены момант у актыў аб’яднання ўваходзяць 15-20 чалавек, таксама ёсць некалькі дзясяткаў валанцёраў.

Паводле слоў Гебрэмарыям, актывісты плануюць працягнуць працу па прасоўванні пытанняў, якія яны ўздымалі падчас выбарчай кампаніі: праграма рэформы тэрміновай службы ў войску, адмена абавязковага размеркавання выпускнікоў, змякчэнне пакарання па антынаркатычных артыкулах Крымінальнага кодэкса. Акрамя таго, рыхтуюцца прапановы па празрыстасці працы Палаты прадстаўнікоў і яшчэ шэрагу тэм.

„У нас ёсць тры законапраекты, прадстаўленыя падчас кампаніі. З імі будзем хадзіць па дэпутатах, маем намер дайсці і да Адміністрацыі прэзідэнта. Ёсць і іншыя тэмы, яны ў распрацоўцы, і пакуль рана пра іх казаць„, — сказала яна.

Таксама сябры „Моладзевага блока” праводзяць сустрэчы з патэнцыйнымі кандыдатамі на будучых прэзідэнцкіх выбарах, каб яны ўздымалі праблемы моладзі ў сваіх праграмах.

„Мы не будзем браць актыўны ўдзел пад эгідай нейкага кандыдата. Але мы ўжо правялі некалькі сустрэч, каб яны дадавалі нашы прапановы ў свой парадак дня”, — паведаміла Гебрэмарыям, не ўдакладняючы, з кім менавіта праводзіліся сустрэчы.

„Моладзевы блок” аб’ядноўвае актывістаў шэрагу ініцыятываў: #учебаважнее (выступае супраць закона аб адмене адтэрміновак ад службы ў войску), ЗБС (нефармальнае студэнцкае аб’яднанне, выступае за адмену абавязковага размеркавання выпускнікоў) і Legalize Belarus (выступае за дэкрыміналізацыю і змякчэнне пакарання па антынаркатычных артыкулах Крымінальнага кодэкса). На мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў сем актывістаў былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты.

БелаПАН