“Моладзі Адраджэння” адмовілі ў рэгістрыцыі



Менскі гарадскі суд адмовіў у рэгістрацыі грамадскаму  аб’яднанню  «Моладзь Адраджэння». Актывісты «Моладзі БНФ» абскарджвалі адмову Менгарвыканкама ў рэгістрацыі культурна-асветніцкага аб’яднання.  Дакументы на рэгістрацыю заснавальнікі падавалі 6 лютага. Яны лічаць, што Менгаравыканкам адмовіў на падставе дробных і надуманых «парушэнняў». Пасля гэтага актывісты накіравалі скаргу ў Менскі гарадскі суд, у якой папрасілі прызнаць адмову незаконнай. Прадстаўнік Менгарвыканкаму падчас суда паведаміў, што заснавальнікі могуць «яшчэ раз падаць дакументы».

„Гэта вельмі добры паказчык той „мяккай беларусізацыі“, пра якую заяўляе ўлада”, – кажа старшыня “Моладзі БНФ” Юры  Лукашэвіч:

– Улады адмаўляюць у рэгістрацыі беларускай арганізацыі і ў той жа момант рэгіструюць прарасейскія і камуністычныя арганізацыі. Вось і весь паказчык беларусізацыі.

Гэта ўжо другая адмова ў рэгістрацыі «Моладзі Адраджэння» за апошні год. Як адзначыў Юры Лукашэвіч, грамадскае аб’яднанне не ставіць палітычных мэтаў. Згодна са статутам, мэтамі арганізацыі з’яўляецца папулярызацыя і адраджэнне беларускай мовы, беларускіх традыцый і гісторыка-культурнай спадчыны, культурна-асветніцкая праца.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Tut.by.