МУС Беларусі і Расгвардыя заключылі пагадненне пра супрацоўніцтва



Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі і Федэральная служба войскаў нацыянальнай гвардыі РФ (Расгвардыя) заключылі пагадненне пра супрацоўніцтва, вынікае з документа, размешчанага 18 снежня на беларускім нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Бакі дамовіліся ажыццяўляць супрацоўніцтва па наступных напрамках: ахова грамадскага парадку і забеспячэнне грамадскай бяспекі; ахова важных дзяржаўных аб’ектаў, спецыяльных грузаў; барацьба з тэрарызмам і экстрэмізмам; дзяржаўны кантроль у галiне абароту зброі; забеспячэнне бяспекі аб’ектаў паліўна-энергетычнага комплексу; ахова асабліва важных і рэжымных аб’ектаў.

Акрамя гэтага, у пералічаныя ў апублікаваным тэксце дагавора сферы супрацоўніцтва ўваходзіць ахова маёмасці фізічных і юрыдычных асоб; забеспячэнне мерапрыемстваў сілавой падтрымкі па супрацьдзеянні злачыннасці; развіццё спартыўных і культурных сувязяў; аказанне садзейнічання на дагаворнай аснове ў санаторна-курортным лячэнні ваеннаслужачых, супрацоўнікаў, грамадзянскага персаналу і членаў іх сем’яў.

Сярод форм супрацоўніцтва пагадненнем сярод іншага прадугледжаны кансультацыі, семінары, канферэнцыі і вучэбна-метадычныя зборы; падрыхтоўка кадраў; правядзенне сумесных вучэнняў і трэніровак.

Дагавор быў заключаны ў Мінску 19 лістапада 2020 года і набыў моц у той жа дзень.

Варта адзначыць, што ў канцы жніўня прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў пра сфарміраваны па просьбе Аляксандра Лукашэнкі рэзерв з супрацоўнікаў расійскіх праваахоўных органаў для накіравання ў Беларусь пры неабходнасці.

„Аляксандр Рыгоравіч папрасіў мяне сфарміраваць пэўны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў. І я гэта зрабіў”, — сказаў Пуцін 27 жніўня ў інтэрв’ю тэлеканалу „Расія 1”.

„Але мы дамовіліся таксама, што ён (рэзерв) не будзе выкарыстаны да таго часу, пакуль сітуацыя не будзе выходзіць з-пад кантролю і калі экстрэмісцкія, я хачу гэта падкрэсліць, элементы… Не прыступяць проста да разбою: не пачнуць падпальваць машыны, дамы , банкі, спрабаваць захопліваць адміністрацыйныя будынкі і гэтак далей”, — дапоўніў прэзідэнт РФ.

belapan.by