Муж і жонка Цапкала заявілі пра падтрымку Святланы Ціханоўскай



Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Валерый Цапкала і яго жонка Вераніка заявілі пра падтрымку Святланы Ціханоўскай, якая таксама балатуецца на пасаду кіраўніка дзяржавы. Напярэдадні, 29 траўня, яе муж і кіраўнік ініцыятыўнай групы, вядомы відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, быў затрыманы ў Гародні, дзе праводзіўся збор подпісаў за вылучэнне Ціханоўскай.

„Я разам са сваім мужам сёння знаходжуся ў горадзе Светлагорску… Сёння я б хацела звярнуцца да Святланы Ціханоўскай. Святлана, я звяртаюся да вас перш за ўсё як маці, як жонка, ды і проста неабыякавая жанчына. Мы са сваім мужам прынялі рашэнне ў сувязі з апошнімі падзеямі, якія адбыліся ўчора, аддаць за вас нашы галасы. Таму зараз мы ідзем і аддаем нашы галасы ў Светлагорску ў вашу ініцыятыўную групу, у вашу падтрымку. Удачы вам. Усяго”, — заявіла Вераніка Цапкала ў кароткім відэазвароце ў „Інстаграме” і прадэманстравала два пашпарты.

Валерый Цапкала суправадзіў відэа запісам: „Сябры, у сувязі з апошнімі абуральнымі падзеямі мы з Веранікай прынялі рашэнне падтрымаць ініцыятыўную групу Святланы Ціханоўскай у г.Светлагорск і паставіць свае подпісы”. У гэты райцэнтр Цапкала заехаў на шляху ў Гомель, дзе плануе ўдзельнічаць у зборы подпісаў за сваё вылучэнне.

Ціханоўскі быў затрыманы прыблізна а 20-й гадзіне 29 траўня. У таўханіне ўпаў супрацоўнік міліцыі. Мяркуючы па размешчаных у інтэрнэце відэазапісах з месца падзей, перад гэтым за Ціханоўскім ішла жанчына ў масцы, патрабуючы адказаць на яе пытанні. Інтэрнэт-карыстальнікі параўналі фатаграфіі ў сетках і зрабілі выснову, што гэта менская прастытутка, назвалі яе імя і прозвішча.

30 траўня МУС паведаміла пра пачатую крымінальную справу за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

belapan.by