«Мы кажам „перамовы“, Лукашэнка чуе „змова“»
Каманда Святланы Ціханоўскай падвяла вынікі першага месяца галасавання і арганізацыі дыялогу аб новых выбарах у Беларусі. Амаль 800 тысяч беларусаў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні на платформе «Голас», выказаліся за перамовы. У камандзе Ціханоўскай упэўненыя, што рэжым Лукашэнкі вельмі добра пачуў іх заклікі да перамоваў, але ад страху прыдумаў змову супраць сябе і паспрабаваў пераканаць у праўдзівасці прыдуманай гісторыі ўсіх навокал.
Кажа кіраўнік Кабінета Ціханоўскай Валер Кавалеўскі:
– Мы пераканаліся, што кожны раз, калі мы кажам “перамовы”, неабавязкова з Лукашэнкам, Лукашэнка чуе “змова” і пачынае шукаць яе. Калі не можа знайсці, то прыдумляе. І мы бачылі, як рэжым увесь апошні тыдзень спрабаваў пераканаць усіх, што перамовы – гэта на самой справе прыкрыццё спробы змовы. Але ўсе мы добра разумеем, што сапраўдны змоўшчык супраць беларускай дзяржавы – гэта Лукашэнка.
Дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі заявіў пра тое, што, хоць Лукашэнка з-за страху за сваё жыццё запланаваў перадачу ўлады Радзе бяспекі, аднак гэта непрацоўны сцэнар:
– Давайце не канструяваць тое, што не будзе працаваць. Працаваць будуць прэзідэнцкія выбары, наноў абраны прэзідэнт. Пасля іх адбудуцца парламенцкія выбары, будзе сфармаваны новы ўрад. І ўсё стане добра. Для таго, каб адбыліся выбары, трэба правесці перамовы і дамовіцца пра тое, што ўсе спыняюць варагаваць. І ўсе будуць будаваць новую Беларусь.
На гэты момант штаб Ціханоўскай разглядае шэраг круглых сталоў, экспертных сустрэч і кансультацыяў у Хельсінкі, Берне і, магчыма, у Вене. Сярод іх таксама дзве канферэнцыі, адна з якіх магла б быць прысвечаная выбарам у Беларусі, а другая мірнаму выхаду з крызісу.
Беларускае Радыё Рацыя
