Мядзведзеў і Кабякоў правядуць перамовы 16 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу



16 чэрвеня ў Санкт-Пецярбургу прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў з беларускім калегам Андрэем Кабяковым правядуць пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы.

Як паведамляе прэс-служба ўрада Расеі, у парадку дня пасяджэння 19 пытанняў, якія тычацца ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, міграцыйнай і іншых галінах.

Асаблівая ўвага будзе нададзеная перспектывам развіцця машынабудаўнічага комплексу Саюзнай дзяржавы і супрацоўніцтва ў аграпрамысловай сферы.

Будуць разгледжаныя прагнозныя балансы попыту і прапановы па асноўных відах прадукцыі, індыкатыўныя балансы паліўна-энергетычных рэсурсаў Саюзнай дзяржавы на гэты год.

Намечанае зацвярджэнне плана мерапрыемстваў па фармаванні адзінай міграцыйнай прасторы на 2017—2020 гады.

Таксама будзе абмеркаваны ход рэалізацыі сумесных праграм, што фінансуюцца за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы.

„На палях пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мядзведзеў і Андрэй Кабякоў правядуць перамовы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Папярэдняе пасяджэнне саюзнага Саўміна адбылося 12 мая 2016 года ў Магілёве.

belapan.by