Мядзведзеў: Расеі і Беларусі трэба інтэгравацца больш цесна, аж да адзінай валюты



Расеі і Беларусі трэба інтэгравацца больш цесна, аж да адзінай валюты, заявіў намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў у інтэрв’ю расейскім журналістам, адказваючы на пытанне, ці не пачакаць з інтэграцыяй, пакуль Беларусь не знойдзе ўнутрыпалітычны кансэнсус.

„Я застаюся на ранейшай пазіцыі і зыходжу з таго, што ў нас агульная пазіцыя, натуральна, што інтэграцыя ўзаемакарысная. Нам трэба інтэгравацца больш цесна і рэалізоўваць увесь патэнцыял саюзнай дамовы, уключаючы тыя элементы збліжэння, злучэнні патэнцыялу нашых эканомік, якія туды закладзеныя. А гэта самыя розныя пытанні, аж да адзінай валюты. І да гэтага трэба рухацца. Тэмпы руху могуць быць розныя”, — цытуе Мядзведзева РИА Новости.

Ён адзначыў, што ўлады Беларусі папракалі расейскіх калег у націску і імкненні паскорыць працэсы. „Але не, мы не націскаем, проста нам падаецца гэта ў нашых інтарэсах.

Цяпер там трошкі іншая сітуацыя, трэба, каб яны нармалізавалі ў цэлым сітуацыю ўнутры краіны, але я ўпэўнены, што інтэграцыйны рух мусіць працягнуцца, бо ніякай альтэрнатывы няма”, — адзначыў Мядзведзеў.

Паводле слоў чыноўніка, гэта звязана і з чалавечымі адносінамі паміж жыхарамі Расеі і Беларусі, адмысловымі братэрскімі сувязямі, і з прагматычнымі меркаваннямі.

„Беларуская эканоміка цалкам заточаная на расейскую эканоміку. Ну гэта ж праўда. Значыць, яны значную частку тавараў пастаўляюць сюды. Іх у іншых месцах нідзе не чакаюць. Менавіта таму цесная інтэграцыя паміж эканомікамі, прыняцце найважнейшых рашэнняў у сферы рэгулявання ў інтарэсах дзвюх краін”, — лічыць Мядзведзеў.

Фота: ria.ru