Мядзведзеў заяўляе пра неабходнасць мацаваць еўразійскую інтэграцыю



Краінам — членам ЕАЭС неабходна ўмацоўваць унутраны контур інтэграцыі, заявіў прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў 27 лістапада ў Менску на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў пашыраным складзе.

„Мы ў цэлым станоўча ацэньваем дынаміку эканамічнай інтэграцыі. Ёсць рух па ўсіх напрамках, агульны рынак саюза развіваецца, напэўна, не без праблем, але тым не менш, гэты рынак жыве. У першыя тры кварталы ўнутрысаюзнв гандаль вырас прыблізна на 13,5-14%. 90% прадукцыі, якая пастаўляецца, вырабленая менавіта ў краінах Еўразійскай саюза. У цэлым аб’ём знешняга гандлю павялічыўся на 22%, пераважна за кошт экспарту, які апярэдзіў імпартныя пастаўкі”, — адзначыў прэм’ер-міністр РФ.

Паводле яго слоў, „усе члены пяцёркі ўмацавалі свае пазіцыі ў гандлі, як унутры саюза, так і на знешніх рынках”. „У агульным і цэлым, гэта не азначае, вядома, што нам няма чаго рабіць”, — дадаў ён.

„Вядома, трэба ўмацаваць ўнутраны контур інтэграцыі, развіваць наднацыянальнае рэгуляванне. Гаворка ідзе пра дарожную карту, мэта якой — ліквідаваць перашкоды на ўнутраным рынку ЕАЭС. Важна забяспечыць своечасовае выкананне адпаведнай карты. Плюс тут ёсць і праблемы, і адставанні, таму мы павінны сканцэнтравацца”, — лічыць Мядзведзеў.

Таксама, дадаў ён, важнымі задачамі застаецца фарміраванне агульных рынкаў нафты, нафтапрадуктаў, газу, канкурэнтных умоў для працы бізнесу. Ад таго, наколькі празрыстым будзе прасоўванне тавараў па тэрыторыі саюза, залежыць і выкананне нашых падатковых планаў, бюджэту, абарона правоў спажыўцоў, справядлівая канкурэнцыя”, — сказаў на заканчэнне прэм’ер РФ.

belapan.by