М’янма: цягам суботніх пратэстаў забіта больш 100 чалавек



Цягам суботніх пратэстаў у М’янме забіта больш ста чалавек з ліку пратэстоўцаў. Захапіўшая ўладу ваенная хунта дзякуе Расеі за падтрымку.

У гэты дзень у краіне прайшоў ваенны парад з нагоды Дня ўзброеных сілаў. Адзіным замежным прадстаўніком на ім быў намеснік міністра абароны Расеі Аляксандр Фамін.

Дэманстранты пратэставалі супраць гвалтоўнага захопу і ўзурпацыі ўлады ваеннымі.

Паводле звестак праваабаронцаў больш 100 чалавек былі забітыя ў гэты дзень. 27 сакавіка стала сама крывавым днём за ўвесь час змагання паміж хунтай генералаў, якая гвалтоўна захапіла ўладу, і мірным насельніцтвам, якое выступае супраць перавароту. 

Навінавы партал Myanmar Now паведамляе пра 114 загінуўшых у суботу ад рук сілавікоў.

Не менш 29 чалавек, у тым ліку 13-гадовы падлетак, забітыя ў Мандалаі, другім па велічыні горадзе М’янмы, не менш 24 чалавекі забітыя ў сталіцы краіны Янгоне.

Усяго, па падліках журналістаў і актывістаў, з 1 лютага ў сутыкненнях загінула больш 400 дэманстрантаў, паліцыя і ваенныя рэгулярна страляюць па людзях.

Беларускае Радыё Рацыя