МЗС: Беларусь разлічвае на аб’ектыўную ацэнку з боку назіральнікаў



Беларусь разлічвае на аб’ектыўную ацэнку парламенцкіх выбараў з боку замежных назіральнікаў, заявіў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык 8 верасня на брыфінгу ў Менску.

Ён нагадаў, што Цэнтрвыбаркам Беларусі акрэдытаваў 333 міжнародныя назіральнікі ад СНД, 341 — ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, 39 — ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ, 19 — ад Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, 9 — ад Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Акрамя таго, адзначыў Мірончык, у якасці міжнародных назіральнікаў таксама акрэдытаваныя 65 прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса ў Беларусі, 14 прадстаўнікоў выбарчых органаў замежных краін, тры прадстаўнікі Міжнароднай арганізацыі арганізатараў выбараў.

„Беларускі бок, і Міністэрства замежных спраў у прыватнасці, усяляк спрыяе міжнародным назіральнікам і разлічвае на іх аб’ектыўную ацэнку маючых адбыцца выбараў”, — сказаў прэс-сакратар.

Ён таксама ўдакладніў, што за межамі Беларусі створана 47 участкаў для галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. „Як і на тэрыторыі Беларусі, 11 верасня выбарчыя ўчасткі будуць адкрытыя з 8.00 да 20.00. Датэрміновае галасаванне таксама ажыццяўляецца па адпаведным графіку, гэта значыць з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін па мясцовым часе размяшчэння выбарчага ўчастка”, — сказаў Мірончык.

belapan.by