МЗС: Беларусь уводзіць санкцыі ў адказ у сувязі з рашэннем ЕЗ



У сувязі з прынятымі Еўразвязам візавымі санкцыямі ў дачыненні да шэрагу беларускіх службовых асоб Беларусь 2 кастрычніка ўводзіць у дзеянне „санкцыйны спіс у адказ”. Пра гэта гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі ў сувязі з рашэннем ЕЗ увесці санкцыі ў дачыненні да асоб, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсій у адносінах да грамадзян краіны.

„У адпаведнасці з цывілізаванай дыпламатычнай практыкай мы не будзем яго публікаваць, — адзначаецца ў заяве. — Адзіны спіс неўязных асоб дзейнічае таксама ў межах інтэграцыйных аб’яднанняў, у якія ўваходзіць Беларусь. Далейшая раскрутка ЕЗ „санкцыйнага махавіка” можа прывесці да яшчэ больш сур’ёзных наступстваў, напрыклад, выхаду Беларусі з сумесных праграм і праектаў, перагляду ўзроўню і мадальнасці дыпламатычнай прысутнасці аж да рашэння аб мэтазгоднасці захавання дыпламатычных адносін”.

На думку МЗС, рашэннем аб санкцыях Еўрасаюз аддаліў ад сябе свайго суседа — Беларусь. „У апошнія гады беларускі бок актыўна і настойліва працаваў над выгадным для людзей і бяспекі ў нашым агульным рэгіёне ўмацаваннем адносін па лініі Беларусь — ЕЗ. Пазітыўныя вынікі ад гэтага былі адчувальныя для абодвух бакоў. Гэта факт, — гаворыцца ў заяве. — Як факт і тое, што Еўразвяза не хапіла чвэрці стагоддзя, каб увесці ў дзеянне Пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве з Беларуссю, затое некалькіх тыдняў аказалася дастатковым для ўвядзення санкцый. Напэўна, справіліся б і хутчэй, калі б не святы для еўрапейцаў сезон адпачынкаў. На паверку ўсё проста: ЕЗ зноў нічога не хоча прапанаваць свайму партнёру, акрамя санкцый. Гэта значыць, такая „ўзнагарода” чакае кожнага, хто шчыра працуе над паляпшэннем двухбаковых адносінаў, але не стаіць у чарзе, молячы пра клубную карту?”

На думку МЗС, „прадэмакратычны таталітарызм — „яшчэ больш напорысты, чым камуністычны”. „Не толькі іншыя меркаванні, дэталі і нюансы, але нават відавочныя факты апрыёры адпрэчваюцца, калі яны не адпавядаюць „правільнай ідэалогіі”, — падкрэсліваецца ў заяве. — На жаль, такая палітыка ЕС апынулася ў пастцы сканструяванай ілюзорнай карцінкі падзей у Беларусі, дзе нібыта ідзе перманентная „барацьба дабра са злом”, у якой усе сродкі добрыя, а ў ролі „зла” нязменна выступае легітымная ўлада”.

„Ці не трэба цешыць ілюзій, што такія крокі не адаб’юцца на грамадзянах і на іншых сферах кааперацыі, — адзначаецца ў заяве. — Службовыя асобы, якія прымаюць такія рашэнні ў ЕЗ, выдатна разумеюць, што гэта ўтопія — любыя падобныя напады адбіваюцца на людзях, іх бяспецы, дабрабыце і эканоміцы. Таму не трэба крывадушнічаць. Менавіта ад такіх цынічных і бяздушных рашэнняў і нараджаецца імідж еўрабюракратыі, які адпужвае і насцярожвае як унутры ЕЗ, так і шматлікіх знешніх партнёраў. У сувязі з гэтым і Брэкзіт робіцца яшчэ больш зразумелым”.

У МЗС лічаць, што санкцыі ўведзеныя як „карная мера па сутнасці за тое, што Беларусь не пайшла на выкананне набору ультыматыўных патрабаванняў, задавальняць якія не стала б ні адна суверэнная дзяржава, якая паважае сябе”.

„Але, напэўна, палітычная воля і здаровы розум усё яшчэ не могуць пераважыць над генетычна засеўшым місіянерствам і ментальным для сябе падзелам краін на „стары” і „новы” свет, на людзей першага свету, якія маюць права, і ўсіх астатніх, якія, у асноўным, чымсьці абавязаныя. Цяжка ўявіць, напрыклад, што мы б убачылі перавыбары ў Польшчы, калі б мы ў Еўразійскім эканамічным саюзе або Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы вырашылі, што на іх перамог Тшаскоўскі, а не Дуда”, — гаворыцца ў заяве.

„Сумна, што асабліва шчыруюць у кірунку пагаршэння адносін з намі суседзі, якія як ніхто павінны быць зацікаўленыя ў стабільнай, незалежнай, суверэннай і квітнеючай Беларусі, — адзначае МЗС. — На працягу ўсяго свайго існавання Беларусь паслядоўна даказвала сваю прыхільнасць асноватворным нормам і правілам міжнародных адносін, прынцыпам „Хельсінкскага дэкалога”, такім як суверэнная роўнасць, мірнае ўрэгуляванне спрэчак і неўмяшанне ва ўнутраныя справы адзін аднаго. Беларусь заўсёды на словах і на справе — супраць канфрантацыі. Мы — за дыялог і разуменне. Але як суверэнная дзяржава мы таксама рашуча, хоць і не без шкадавання, адкажам на недружалюбныя дзеянні з мэтай натуральнай абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў”.

МЗС таксама адзначае: „Замест таго каб абяцаць беларусам „залатыя горы ў наступным жыцці”, заклікаем Еўрапейскі саюз тут і цяпер падвоіць сумесныя намаганні па барацьбе з агульнымі выклікамі, такімі як нелегальная міграцыя, міжнародная злачыннасць і тэрарызм, пандэмія інфекцыйных захворванняў і іх сацыяльна- эканамічныя наступствы, якія Еўропе і свету яшчэ трэба будзе ў поўнай меры адчуць. Замест выбудоўвання новых візавых платоў заклікаем Еўрапейскі саюз адкрыць межы для ўсіх беларусаў, а не толькі для „сепарыраваных” вамі”.

„ЕЗ пагражае нам тым, што перагледзіць свае адносіны з Беларуссю, — гаворыцца ў заяве. — Гэта будзе яго выбар. Беларускі бок, у сваю чаргу, таксама гатовы да падобнага перагляду адносін і будзе і далей адэкватна рэагаваць на любыя недружалюбныя дзеянні. Спробы навязаць беларусам нейкіх ухваленых звонку прадстаўнікоў, праекты нейкіх „урадаў у выгнанні” і да таго падобнае асуджаныя на правал. Лёс такіх структур сумны — яшчэ не стартаваўшы, яны аказваюцца на ўзбочыне гістарычнага працэсу. Аддаляючы ад сябе Беларусь, нашы партнёры з ЕЗ, на жаль, забываюць трагічныя ўрокі гісторыі, якая ім гэтага не даруе”.

Еўрапейскі Звяз на пазачарговым саміце ў Бруселі 1 кастрычніка ўзгадніў рашэнне аб увядзенні санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў. Як паведаміў прэзідэнт Еўрапейскага савета Шарль Мішэль, санкцыі ўводзяцца 2 кастрычніка ў дачыненні да прыкладна 40 чалавек. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон пацвердзіў, што ў санкцыйны спіс не ўваходзіць Аляксандр Лукашэнка, каб у яго „не было падставы адмовіцца ад дыскусіі”, аднак, калі пазіцыя Лукашэнкі будзе рабіцца больш жорсткай, санкцыі могуць быць уведзеныя і супраць яго.

belapan.by