МЗС: Беларусь увяла санкцыі ў дачыненні да службовых асоб Латвіі, Літвы і Эстоніі



29 верасня Беларусь увяла санкцыі ў дачыненні да службовых асоб Латвіі, Літвы і Эстоніі. Пра гэта БелаПАН паведаміў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.

„Увялі аналагічныя санкцыйныя спісы з забаронай на ўезд у Беларусь. У спісах больш за 100 чалавек па кожнай з краін”, — сказаў ён.

Паводле слоў Глаза, прозвішчы тых, у дачыненні да каго ўведзеныя санкцыі, беларускі бок называць не будзе.

31 жніўня Літва, Латвія і Эстонія забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю 30 беларускім службовым асобам. У санкцыйны спіс акрамя Аляксандра Лукашэнкі былі ўключаныя: памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка і яго намеснікі Максім Рыжанкоў, Вольга Чупрыс і Дзмітрый Крутой, намеснік кіраўніка справамі прэзідэнта Генадзь Богдан, кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і члены ЦВК Вадзім Іпатаў, Алена Дмухайла, Святлана Кацуба, Ігар Плышэўскі, Алег Сліжэўскі, Ірына Цалікавец, кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык (3 верасня прызначаны дзяржсакратаром Савета бяспекі), кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель (3 верасня прызначаны кіраўніком КДБ), старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч і яго намеснікі Аляксей Волкаў, Сяргей Аземша і Андрэй Смаль, генеральны пракурор Аляксандр Канюк (9 верасня адпраўлены ў адстаўку), кіраўнік МУС Юрый Караеў і яго намеснікі Генадзь Казакевіч, Аляксандр Барсукоў, Сяргей Хаменка і Юрый Назаранка, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Раман Мельнік, начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Іван Кубракоў, намеснік начальніка дэпартамента аховы МУС — начальнік упраўлення ідэалагічнай працы і кадравага забеспячэння Алег Шаблыка, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў (3 верасня адпраўлены ў адстаўку, адкамандзіраваны ў Мінабароны).

25 верасня Латвія, Літва і Эстонія ўвялі санкцыі ў дачыненні да яшчэ 101 службовай асобы Беларусі. У абноўленыя спісы трапілі, у прыватнасці, прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант і яе муж, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, генпракурор Андрэй Швед, камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба, намеснік генпракурора Аляксей Стук, старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала, кіраўнік Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч, старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, першы віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак.

У спіс таксама ўвайшлі першы намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Ігар Бурмістраў, намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Хазалбек Атабекаў, начальнік упраўлення прафілактыкі МУС Алег Каразей, памочнік камандуючага ўнутранымі войскамі МУС па фінансавым забеспячэнні Андрэй Загорскі, намеснік начальніка дэпартамента выканання пакаранняў МУС Уладзіслаў Мандрык і іншыя прадстаўнікі МУС.

Пад санкцыі трапілі суддзі Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, члены Цэнтрвыбаркама.

belapan.by