МЗС Беларусі анансавала маштабны брыфінг па рэзанансных справах



Міністэрства замежных спраў Беларусі на базе Нацыянальнага прэс-цэнтра ў Менску 14 чэрвеня правядзе брыфінг па актуальных пытаннях для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, паведаміла прэс-служба МЗС.

У мерапрыемстве прымуць удзел кіраўніцтва дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, Следчага камітэта, Міністэрства абароны, Дзяржаўнага памежнага камітэта, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце міністраў.

Асноўнымі тэмамі стануць развіццё сітуацыі з рэйсам авіякампаніі Ryanair Афіны – Вільня, выезд з Беларусі асобных прадстаўнікоў польскай нацыянальнай меншасці, транзіт нелегальных мігрантаў праз тэрыторыю краіны, новыя абставіны вакол справы Рамана Пратасевіча. «Запланавана дэманстрацыя шэрагу раней не публікаваных факталагічных матэрыялаў», – адзначае прэс-служба.

Запрашаюцца таксама прадстаўнікі акрэдытаваных у Беларусі замежных пасольстваў і міжнародных арганізацый.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: medialeaks.ru