МЗС Беларусі асудзіў запуск балістычнай ракеты КНДР
Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з заявай у сувязі з запускам ракеты-носьбіта, ажыццёўленым Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай.
„Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь з шкадаваннем адзначае, што дзеянні КНДР па запуску ракеты-носьбіта з’яўляюцца парушэннем нормаў міжнароднага права і шэрагу рэзалюцый Савета бяспекі ААН,» — гаворыцца ў заяве прэс-службы МЗС. „Беларускі бок перакананы ў тым, што сапраўдны і ўстойлівы мір і стабільнасць як у рэгіянальным, так і ў больш шырокім міжнародным кантэксце могуць быць дасягнуты толькі на аснове ўзаемнага канструктыўнага дыялогу, — падкрэсліваецца ў паведамленні. — У гэтым кантэксце варта пазбягаць любых дзеянняў, якія вядуць да эскалацыі напружанасці на карэйскім паўвостраве, ствараюць пагрозу міру, рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы».
Расійскія інфармагенцтвы паведамляюць, што КНДР у нядзелю абвясціла пра паспяховы запуск штучнага спадарожніка „Кванмёнсон-4” з касмадрома „Сохэ” на заходнім узбярэжжы.
ЗША заявілі, што ракета КНДР была запушчана ў паўднёвым кірунку над Жоўтым морам. Запуск ужо выклікаў негатыўную рэакцыю Паўднёвай Карэі, Кітая, Японіі, ЗША і Расіі. СБ ААН асудзіў запуск ракеты КНДР, заявіў пра парушэнне сваіх рэзалюцый і мае намер прыняць яшчэ адну, якая будзе ўтрымліваць меры ў адказ.
БелаПАН
