МЗС Беларусі і Польшчы абмеркавалі перадвыбарчую сітуацыю
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей правёў тэлефонную размову з міністрам замежных спраў Польшчы Яцэкам Чапутовічам. Размова адбылася па ініцыятыве польскага боку, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.
„Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмеркавалі шырокае кола пытанняў развіцця беларуска-польскага супрацоўніцтва, беларускія і польскія прапановы па рэалізацыі шэрагу рэгіянальных ініцыятываў. Уладзімір Макей паінфармаваў польскага калегу пра хаду падрыхтоўкі да выбараў прэзідэнта Беларусі”, – гаворыцца ў паведамленні.
Як паведамляе МЗС Польшчы, Яцэк Чапутовіч звярнуў увагу на неабходнасць вызвалення палітвязняў і пацвердзіў падтрымку з боку Польшчы незалежнасці Беларусі, умовай для ўмацавання якой з’яўляецца сталы дыялог улады і грамадства.
