МЗС Беларусі ўручыла ноту паслу Літвы ў сувязі са здарэннем на Ігналінскай АЭС



Пасол Літвы быў выкліканы ў МЗС Беларусі ў сувязі з паведамленнямі ў СМІ аб інцыдэнце з радыеактыўнымі матэрыяламі, які меў месца ў канцы снежня 2017 года ў ходзе работ па вывадзе з эксплуатацыі Ігналінскай АЭС.

Паслу Літвы была ўручана нота, у якой беларускі бок выказвае занепакоенасць у сувязі з адсутнасцю аператыўнай інфармацыі аб здарэнні на Ігналінскай АЭС. „Беларусь зыходзіць з таго, што прынцыпы транспарэнтнасці і адказнасці за забеспячэнне культуры ядзернай бяспекі павінны быць у аднолькавай ступені прымяняльныя да любой ядзернай дзейнасці, уключаючы працэс вываду з эксплуатацыі Ігналінскай АЭС”, – падкрэслілі ў міністэрстве. МЗС Беларусі заклікала Літву правесці грунтоўнае расследаванне здарэння і інфармаваць беларускі бок аб выніках.

„Па прычыне непасрэднай блізкасці Ігналінскай АЭС да граніцы Беларусі беларускі бок разлічвае ў далейшым на атрыманне ад літоўскага боку аператыўнай інфармацыі аб усіх інцыдэнтах на ядзерных аб’ектах і/або з ядзернымі матэрыяламі, якія патэнцыяльна могуць прывесці да радыеактыўных выкідаў”, – адзначылі ў ведамстве.

Гэта інфармацыя была таксама даведзена да прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі і перададзена ў адпаведныя еўрапейскія структуры праз пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры Еўрапейскім саюзе.

belta.by

Фота Sputnik Беларусь