МЗС: Інцыдэнтаў з грамадзянамі Беларусі ў Венесуэле не зарэгістравана



Інцыдэнтаў з грамадзянамі Беларусі, якія знаходзяцца ў Венесуэле, не зарэгістравана, паведаміў прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз.

„Многія з іх знаходзяцца там у рамках выканання сацыяльнага заказу ўрада Венесуэлы, які і працягваюць выконваць”, — сказаў ён.

Гаворачы аб сітуацыі ў Венесуэле, Глаз зазначыў: „Наша пазіцыя не змянілася. Мы з суперажываннем адсочваем сітуацыю ў Венесуэле. Лічым, што ўсе праблемныя пытанні павінны вырашацца самім венесуэльскім грамадствам і выключна шляхам мірнага дыялогу ў рамках прававога поля і Канстытуцыі. Венесуэльскі народ можа самастойна справіцца з узніклымі цяжкасцямі без ўмяшання звонку”.

Як паведамляе Reuters, 23 студзеня 35-гадовы лідар апазіцыі Венесуэлы Хуан Гуаіда, выступаючы перад удзельнікамі шматтысячнай дэманстрацыі ў Каракасе, абвясціў сябе часовым прэзідэнтам краіны. ЗША, Канада і шэраг лацінаамерыканскіх дзяржаў, уключаючы Бразілію і Калумбію, выступілі з заявамі ў падтрымку Гуаіда.

Нікалас Мадура, які ўзначальвае Венесуэлу, з 2013 года разарваў дыпламатычныя адносіны з ЗША, а тое, што адбываецца ў краіне, назваў дзяржаўным пераваротам.

Гуаіда паабяцаў сфарміраваць пераходны ўрад, які дапаможа краіне справіцца з выкліканым гіперінфляцыяй крахам эканомікі, пакласці „канец узурпацыі ўлады” і правесці сумленныя выбары.

Міністр абароны Венесуэлы Уладзімір Падрына заявіў, што ўзброеныя сілы не прызнаюць самаабвешчанага прэзідэнта.

Падчас буйных антыўрадавых акцый у сутыкненнях з паліцыяй ужо загінулі дзясяткі чалавек, сотні затрыманыя.

belapan.by

Фота emergency-live.com