МЗС Іспаніі плануе накіраваць дыпламата для працы ў Беларусі



Найбліжэйшым часам у планах МЗС Іспаніі — накіраванне дыпламата для працы ў Беларусі, паведаміў дзяржсакратар міністэрства Ігнасіа Ібаніс 16 студзеня на сустрэчы з беларускім паслом у Францыі і Іспаніі па сумяшчальніцтве Паўлам Латушкам.

Як паведаміла пасольства, Ібаніс падкрэсліў важнасць адкрыцця пасольства Беларусі ў Іспаніі напрыканцы 2016 года, што будзе спрыяць актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва

Галоўная ўвага на сустрэчы была нададзеная падрыхтоўцы кансультацый на ўзроўні кіраўнікоў міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Іспаніі. Падчас кансультацый плануецца абмеркаваць пытанні развіцця палітычнага, гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы.

Абмеркаваныя таксама пытанні арганізацыі павільёна Беларусі на выставе Transfiere, якая адбудзецца 15—16 лютага у Малазе. Плануецца, што ў межах выставы адбудуцца перамовы паміж прадстаўнікамі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі і Міністэрства гаспадаркі і канкурэнтаздольнасці Іспаніі па пытаннях развіцця супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сферы.

Падчас сустрэчы былі таксама разгледжаныя пытанні наладжвання супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іспаніяй у турыстычнай сферы, арганізацыі перамоў паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Дзяржаўным сакратарыятам па пытаннях турызму Іспаніі, падпісання адпаведнага двухбаковага пагаднення. Плануецца, што 17—18 студзеня прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму Беларусі возьме ўдзел у адной з самых буйных выстаў у сферы турызму Fitur, якая праходзіць штогод у Мадрыдзе.

БелаПАН