МЗС: Кастусь Каліноўскі — супольная спадчына трох народаў
„Для Беларусі Кастусь Каліноўскі — буйны гістарычны дзеяч. У гэтым не можа быць сумневаў. Не трэба дзяліць, каму ён больш належыць. Гэта супольная спадчына, якая аб’ядноўвае народы Беларусі, Польшчы і Літвы”, — гаворыцца ў апублікаваным 29 сакавіка каментары беларускага Міністэрства замежных спраў.
Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз назваў „памылковым уражаннем” назіральнікаў нібыта пасіўную пазіцыю беларускай дзяржавы ў пытанні ўшаноўвання Каліноўскага і не пагадзіўся з ігнараваннем афіцыйным Менскам факту выяўлення парэшткаў рэвалюцыянера.
„Відаць, уражанне склалася, таму што мы канцэнтравалі намаганні на канкрэтных справах і не так актыўна інфармавалі СМІ аб сваіх кроках, але гэта не азначае, што нічога не робіцца. Нагадаю, што яшчэ ў лістападзе мінулага года беларускія дзяржаўныя эксперты афіцыйна прыязджалі ў Вільню, дзе азнаёміліся з даследаваннямі астанкаў удзельнікаў паўстання 1863 года, правялі плённыя сустрэчы з літоўскімі калегамі, зрабілі свае высновы”, — заявіў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства.
Паводле яго слоў, з літоўскім бокам абмяркоўваецца магчымасць супольнай працы для больш дакладнай ідэнтыфікацыі парэшткаў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра магчымасць даследавання парэшткаў старэйшага брата Каліноўскага, пахаванага ў Беларусі.
„Літаральна сёння ў МЗС адбылася сустрэча з паслом Літвы, дзе абмяркоўваліся і іншыя практычныя захады ў супрацоўніцтве па гэтай тэме. Сярод іх — надпісы на беларускай мове на магілах пры перапахаванні”, — адзначыў Глаз.
„Мы вельмі зацікаўлены ва ўстанаўленні гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да гэтай асобы і гатовыя актыўна ўзаемадзейнічаць і з нашымі літоўскімі, і польскімі партнёрамі, і з беларускім грамадствам”, — падкрэсліў прэс-сакратар.
Чатыры магілы паўстанцаў былі знойдзеныя восенню 2017 года на гары Гедыміна ў цэнтры Вільні, там пахавана сем чалавек. Дакладна вядома, што сярод іх Зыгмунт Серакоўскі, гэта даказвае знойдзены ў пахаванні яго заручальны пярсцёнак. Улетку 2018 года прафесар кафедры анатоміі, гісталогіі і антрапалогіі Віленскага ўніверсітэта Рымантас Янкаўскас паведаміў БелаПАН, што ўніверсітэцкія навукоўцы атрымалі ўскосныя пацвярджэнні таго, што на гары Гедыміна былі знойдзены таксама астанкі кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага. Для поўнага доказу гіпотэзы былі патрэбныя генетычныя даследаванні. „Мы звязаліся з пасольствам Літвы ў Беларусі. Ёсць пахаванні сям’і Каліноўскіх у Свіслачы, і мы прапануем даследаваць гэту магілу і правесці генетычны аналіз”, — сказаў Янкаўскас.
Парэшткі ўдзельнікаў паўстання плануецца гэтай восенню перапахаваць у цэнтральнай капліцы на Віленскіх могілках Расу. Нядаўна стала вядома, што надпісы на магілах плануецца аформіць толькі на літоўскай і польскай мовах.
belapan.by
