МЗС пакуль не збіраецца пазбаўляць «Радыё Свабода» акрэдытацыі



На думку МУС, журналісты «Радыё Свабода» нібыта кіруюць праз стрымы пратэстамі ў краіне.

Кіраўнік Міністэрства замежных справаў Уладзімір Макей пракаментаваў выказванні  міліцэйскага міністра Юрыя Караева. Як сказаў Макей, калі журналісты «Радыё Свабода» хочуць працаваць у якасці штатных супрацоўнікаў свайго СМІ — гэта адно, але калі яны будуць займацца адначасна іншай дзейнасцю, звязанай з іх працай у нейкіх незалежных тэлеканалах, тэлеграм-каналах, то гэта іншае. Па словах Макея, падобным дзеянням можа быць дадзеная адпаведная ацэнка, але пакуль аніякіх санкцый да прадстаўнікоў «Радыё Свабода» прымаць не плануецца.

– Прэс-сакратар вядзе ўсе пытанні. Наколькі мне вядома, ён заўсёды дакладвае нейкія гарачыя навіны. Ва ўсялякім выпадку ён не дакладваў, што ёсць жаданне пазбавіць некага акрэдытацыі. Паўтаруся, любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, незалежна ад таго, якую б пасаду ён не займаў, дзе б не працаваў, ён абавязаны выконваць адпаведныя нормы нашага заканадаўства.

Што тычыцца нядаўніх затрыманняў журналістаў падчас вулічных акцый, то, на думку Макея, «часам прысутнічае і чалавечы фактар, калі ўзнікаюць нейкія напружаныя сітуацыі і часам бывае трошкі празмерная рэакцыя».

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота sb.by