МЗС Польшчы: Рашэнне пра фінансаванне „Белсата” яшчэ не прынятае
„Рашэнне адносна фінансавання тэлеканала „Белсат” яшчэ не прынятае”, — заявілі ў прэс-службе МЗС у адказ на просьбу БелаПАН пракаментаваць будучыню тэлеканала.
Пра тое, што МЗС Польшчы скарачае на дзве траціны фінансаванне „Белсата”, і пра магчымы перавод тэлеканала на рускамоўнае вяшчанне паведаміла 15 снежня польскаму выданню Wpolityce дырэктар „Белсата” Агнешка Рамашэўска-Гузы.
У Беларусі гэтая інфармацыя выклікала вялікі рэзананс. Актывісты дэмсіл ужо абвясцілі пра намер арганізаваць кампанію ў падтрымку „Белсата”. У найбліжэйшы панядзелак, 19 снежня, у офісе незалежнага прафсаюза РЭП у Менску адбудзецца сустрэча грамадскіх актывістаў і палітыкаў, на якой плануецца выпрацаваць план дзеянняў па выратаванні тэлеканала. А журналіст Дзмітрый Гурневіч прапанаваў накіроўваць у канцылярыю прэзідэнта Польшчы, польскае МЗС і кіраўніцтву партыі „Права і Справядлівасць” лісты з заклікам не скарачаць падтрымку „Белсата” і не мяняць мову яго вяшчання.