МЗС Расеі: Мы рыхтуемся да вайны



ЗША, выходзячы з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД), рыхтуюць вайну, заявіў намеснік кіраўніка дэпартамента расейскага МЗС па пытаннях нераспаўсюджання і кантролю над узбраеннямі Андрэй Белавусаў. Такое меркаванне ён выказаў пасля таго, як камітэт ААН адмовіўся выносіць на разгляд праект расейскай рэзалюцыі ў падтрымку дагавора, перадае ТАСС.

Пасля галасавання ў камітэце прадстаўнік ЗША Роберт Вуд заявіў, што Вашынгтон апошнія пяць гадоў спрабаваў паўплываць на Маскву ў гэтым пытанні.

„Нядаўна яны прызналіся ў вытворчасці ракет наземнага базіравання, але сцвярджаюць, што не парушаюць устаноўленых ДРСМД лімітаў», — заявіў Вуд, дадаўшы, што ў такой сітуацыі ЗША больш не маглі трываць.

Белавусаў на гэта адказаў, што ў Расеі ёсць да ЗША пытанні па выкананні ўмоў ДРСМД яшчэ з 2000 года.

„Нядаўна на пасяджэнні Злучаныя Штаты заявілі, што Расея рыхтуецца да вайны. <…> Мы рыхтуемся абараняць нашу радзіму, нашу тэрытарыяльную цэласнасць, нашы прынцыпы, нашы каштоўнасці, нашых людзей — мы рыхтуемся да такой вайны”, — заявіў Белавусаў.

Ён адзначыў, што ў гэтым у Расеі ёсць сур’ёзнае адрозненне ад Амерыкі, якое «ў лінгвістычным плане» зводзіцца да аднаго слова.

„Расейская Федэрацыя рыхтуецца „да вайны”, а Злучаныя Штаты рыхтуюць „вайну”. „Інакш навошта Злучаным Штатам выходзіць з дамовы, нарошчваць ядзерны патэнцыял, прымаць новую ядзерную дактрыну <…>”, — заявіў прадстаўнік Расеі.