МЗС РФ: Адыёзная трактоўка беларускім бокам затрымання грамадзян Расеі не вытрымлівае ніякай крытыкі



 „Адыёзная трактоўка беларускім бокам затрымання 33 грамадзян Расіі не вытрымлівае ніякай крытыкі”, — гаворыцца ў апублікаванай 30 ліпеня заяве МЗС РФ.

„На сёння нам вядома, што гэтая група накіроўвалася транзітам цераз Менск у Стамбул, маючы на руках усе неабходныя дакументы, уключаючы авіябілеты, — адзначае знешнепалітычнае ведамства. — Усю лагістыку на тэрыторыі Беларусі забяспечвала беларуская кампанія. З невядомых прычын група не трапіла на свой рэйс Мінск — Стамбул і вымушаная была затрымацца ў Беларусі ў чаканні набыцця новых авіябілетаў беларускай кампаніяй”.

„Спроба паказаць здарэнне як знешняе ўмяшанне ў справы рэспублікі выклікае, па меншай меры, здзіўленне. У распараджэнні беларускіх уладаў, у тым ліку авіяцыйных, ёсць усе неабходныя дакументы для ўстанаўлення ісціны”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.

МЗС РФ настойвае на неадкладным забеспячэнні доступу консульскіх супрацоўнікаў да затрыманых.

„Неабходна спыніць нагнятанне непатрэбных, асабліва ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў, негатыўных эмоцый”, — заклікала расійскае знешнепалітычнае ведамства.

Міністэрства разлічвае на „ўзважаны, аб’ектыўны падыход беларускага боку да ўсталявання ўсіх абставінаў здарэння ў цесным узаемадзеянні з расійскім бокам”.

Раней пасол РФ у Менску Дзмітрый Мезенцаў паведаміў, што затрыманыя ў Беларусі расіяне рухаліся транзітам у трэцюю краіну і мелі працоўную дамову з зарэгістраванай у рэспубліцы камерцыйнай кампаніяй.

„Трактоўка шэрагам сродкаў масавай інфармацыі факта затрымання расійскіх грамадзян на тэрыторыі Беларусі як спробы ўмяшання ва ўнутраныя справы рэспублікі — не мае пад сабой ніякіх падстаў, але толькі дапамагае ворагам Саюзнай дзяржавы ўносіць разлад у брацкія адносіны нашых краін. Расійскія грамадзяне не датычныя да падзей, звязаных з грамадска-палітычнай сітуацыяй у Беларусі”, — адзначаецца ў каментары Мезенцава, размешчаным 30 ліпеня на сайце расійскага пасольства.

Аб затрыманні ў ноч на 29 ліпеня пад Мінскам 32 баевікоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі (ПВК) паведаміла напярэдадні дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. Пазней з’явілася ўдакладненне, што гаворка ідзе пра т. зв. расійскую ПВК Вагнера, акрамя таго, на поўдні краіны затрыманы яшчэ адзін чалавек.

30 ліпеня дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў журналістам, што па факце затрымання расійскіх баевікоў пад Мінскам распачатая крымінальная справа аб падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў. „33 баевікі затрыманыя, да двухсот — недзе знаходзяцца на тэрыторыі [Беларусі], паводле аператыўнай інфармацыі. Ідуць пошукі. Гэта як іголка ў стозе сена”, — сказаў Раўкоў.

Офіс прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага заявіў, што Кіеў будзе настойваць на экстрадыцыі затрыманых у Беларусі баевікоў прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера, „якіх падазраюць у ваенных злачынствах на тэрыторыі Данбаса”.

24 ліпеня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з калектывам 5-й асобнай брыгады спецназу ў Мар’інай Горцы заявіў, што „ўсякія войны зараз пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацый, потым — майданы”. „На майдан, калі сваіх няма (у нас няшмат „майданутых”), іх падцягнуць з боку. Гэта прафесійныя вайскоўцы, бандыты, якія спецыяльна рыхтуюцца, у асноўным у рамках ПВК ва ўсім свеце, і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах”, — сказаў ён.

belapan.by

Фота: Уладзімір Веленгурын