МЗС Украіны: Настойваем на прымяненні супраць Расеі балючых санкцый



Украіна асуджае рашэнне Расейскай Федэрацыі аб прызнанні „незалежнасці” створаных ёю квазі-утварэнняў на часова акупаваных тэрыторыях Украіны – так званых „ЛНР” і „ДНР” і заклікае сусветную супольнасць прымяніць санкцыі супраць Расеі, гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Украіны, апублікаванай на афіцыйным сайце ведамства.

У МЗС адзначылі, што сваімі дзеяннямі расейскі бок груба парушыў асновы міжнароднага права. Па словах украінскіх дыпламатаў, рашэнне прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна рэзка павялічвае эскалацыю сітуацыі і можа азначаць аднаасобнае выйсце РФ з Менскіх пагадненняў.

„Украінскі бок разумее намеры Расеі і яе імкненне справакаваць Украіну. Мы ўлічваем усе рызыкі і не падвяргаемся правакацыям, застаемся адданымі палітыка-дыпламатычнаму ўрэгуляванню расейска-ўкраінскага ўзброенага канфлікту”, – адзначаецца ў заяве.

Паведамляецца, што міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба знаходзіцца ў пастаянным кантакце са сваімі калегамі з краін-партнёраў – у прыватнасці, для прыцягнення абароннай дапамогі і прымянення жорсткіх санкцый супраць РФ.

У МЗС падкрэслілі, што дзеянні Расеі шмат у чым залежаць ад рэакцыі сусветнай супольнасці.

„Мы настойваем на прымяненні супраць Расеі балючых санкцый, каб паслаць адназначны сігнал аб недапушчальнасці далейшай эскалацыі. Час дзейнічаць для спынення агрэсіі РФ і аднаўлення міру і стабільнасці ў Еўропе”, – гаворыцца ў заяве.

[manual_related_posts]