МЗС: Зніжэнне кошту віз з ЕЗ — выразная перспектыва



Зніжэнне кошту шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі — „даволі выразная перспектыва”. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык 15 лютага ў ходзе анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі.

„Мы працуем з еўрапейскімі калегамі, каб гэтую перспектыву наблізіць”, — дадаў ён.

Паводле слоў Мірончыка, пагадненне паміж Беларуссю і ЕЗ аб спрашчэнні візавага рэжыму ўжо гатовае да падпісання. „Калі ЕЗ скажа, што гатовы падпісаць яго без пагаднення аб рэадмісіі, то можам падпісаць хоць заўтра”, — сказаў ён.

Мірончык растлумачыў, што пагадненне аб рэадмісіі ідзе ў пакеце з пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму. „Яно (пагадненне аб рэадмісіі. — БелаПАН.) азначае, што мы бяром абавязацельства прымаць назад з ЕС нелегальных мігрантаў, якія трапілі туды праз тэрыторыю Беларусі, — сказаў прэс-сакратар МЗС. — Праз нашу тэрыторыю ў ЕЗ трапляе вельмі мала нелегальных мігрантаў, таму што ў нас мяжа на замку”.

У той жа час, адзначыў Мірончык, нават гэтую малую колькасць нелегалаў Беларусь павінна будзе прымаць назад пасля падпісання пагаднення аб рэадмісіі. Паводле яго слоў, на сёння ў краіне няма адпаведнай інфраструктуры для ўтрымання гэтых нелегальных мігрантаў да іх далейшай дэпартацыі.

Беларусь просіць ЕЗ даць пераходны перыяд, на працягу якога пасля падпісання пагаднення аб рэадмісіі краіна не будзе абавязаная прымаць назад нелегальных мігрантаў. За гэты перыяд мяркуецца стварыць інфраструктуру для іх прыёму, у тым ліку пабудаваць цэнтры часовага ўтрымання. ЕЗ плануе выдзеліць Беларусі на будаўніцтва цэнтраў 7 млн еўра.

belapan.by