На допыт у КДБ выклікаюць сваякоў затрыманых па „справе патрыётаў”



Са следчых ізалятараў працягваюць вызваляць фігурантаў „справы патрыётаў”. На волю выйшлі Сяргей Кунцэвіч і Андрэй Бяляўскі. Аднак следства працягваецца, і на допыты ў КДБ пачалі выклікаць нават родных некаторых затрыманых, распавяла Ніна Шыдлоўская – выканаўчы дырэктар „Згуртавання беларусаў свету” „Бацькаўшчына” і былая жонка аднаго з фігурантаў справы і  заснавальніка даўно неіснуючай арганізацыі „Белы легіён” Міраслава Лазоўскага.

– На вялікі жаль, сказаць, што справа завяршаецца, немагчыма. Пачалі выклікаць сваякоў тых, хто зараз знаходзіцца ці ў СІЗА КДБ, ці ў СІЗА на Валадарскага. Таму гаварыць, што ўжо да нейкага лагічнага завяршэння ідзе справа, на вялікі жаль, рана. Іншае пытанне, што людзей ужо вызваляюць, у дадзеных варунках гэта досыць радасна. Іншы момант – з іх не здымаюць абвінавачванняў. Яны застаюцца падазраванымі па справе і знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні, то бок, працягваюць быць фігурантамі.

Мне стала вядома, што выклікалі дзвюх жонак затрыманых на размову ў якасці сведак у КДБ. Зразумела, што абедзьве знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Магу дакладна сказаць, што размова, якая адбылася з Ганнай Дундуковай, была ў досыць спакойнай танальнасці, і сама атмасфера не была псіхалагічным ціскам на яе. Гэта таксама не можа не радаваць. Тое, што ў якасці сведак выклікаюць жонак, на маю думку, з’яўляецца спробай знайсці хоць нейкія зачэпкі, бо фактычна доказаў як не было, так і няма. Хлопцы не стваралі ніякіх фармаванняў, не рабілі нічога супрацьзаконнага. Гэтай справы ўвогуле не павінна было быць.

Зараз  у следчых ізалятарах КДБ і МУС па „справе патрыётаў” знаходзіцца 14 чалавек. Яны абвінавачваюцца  па артыкулах Крымінальнага кодэксу аб пыдрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання.   

Гутарыў Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.