На Гомельшчыне ніводны дэмакратычны кандыдат не стаў дэпутатам



1 сакавіка адбудзецца першая сесія Гомельскага абласнога савета дэпутатаў. У ёй паўдзельнічае 60 новаабраных дэпутатаў. Сярод іх – ніводнага дэмакратычнага. Падобная сітуацыя назіраецца і на іншых тэрытарыяльных узроўнях мясцовых саветаў.

Як распавядае намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, на Гомельшчыне ніводны дэмакратычны кандыдат не стаў дэпутатам.

– Улада баіцца ўласнага ценю. Пасля парламенцкай кампаніі, калі прызначылі двух дэпутатак, для грамадства гэта быў пэўны знак. І ўлады вырашылі, што не трэба расслабляць грамадства. Для людзей у 2016 годзе з’явіўся шанец, што нават у гэтай краіне могуць быць дэмакратычныя дэпутаты і можна на штосьці спадзявацца. Гэтым разам улады вырашылі не гуляць у гульні і паказаць, што ніякай лібералізацыі не будзе.

У Гомельскай вобласці абралі больш за тры з паловай тысячы дэпутатаў мясцовых саветаў. Паўторныя выбары будуць праведзеныя толькі ў Савецкай акрузе №3 Ельскага раёну, дзе адзіны кандыдат у дэпутаты спыніў свой удзел у выбарчай гонцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота dw.com