На Кавалькову завялі справу за акцыю супраць паглыбленай інтэграцыі



Беларускіх актывістаў выклікаюць у міліцыю у сувязі з акцыямі супраць так званай паглыбленай інтэграцыі. З міліцыі званілі да сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольгі Кавальковай.

Яе выклікаюць у Маскоўскі РАУС за ўдзел у пратэстах супраць інтэграцыі з Расеяй 7 снежня. Як кажа актывістка, улады заўсёды скарыстаюцца магчымасцю пакараць тых, хто не згодны з іх пазіцыяй. З’явіцца ў міліцыю Вольга Кавалькова павінна ў панядзелак, 16 снежня, а 10:00. Яе здзіўляе пільнасць справы, міліцыянты званілі ў пятніцу ўвечары.

– Патэлефанавалі з Маскоўскага РАУС і паведамілі, што распачаты адміністрацыйны працэс за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 7 снежня. Папрасілі прыехаць у панядзелак для азнаямлення з матэрыяламі справы ў 10 гадзін. Пакуль не чула ад калегаў, ці кагосьці яшчэ выклікаюць. Я думаю, не толькі мяне будуць выклікаць, гэта чакаема. Могуць быць штрафы, могуць быць суткі. Працоўны дзень скончыўся, але яны абтэлефаноўваюць і выклікаюць.

Новая акцыя пратэсту запланаваная на 20 снежня. І Вольга Кавалькова таксама з гэтым звязвае цікавасць да сваёй асобы з боку міліцыі. Улады альбо хочуць ізаляваць найбольш актыўных удзельнікаў і арганізатараў пратэстаў, альбо пакараць.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з фэйсбука Вольгі Кавальковай.