На Кубе сапраўдны мор генералаў



За два тыдні на Кубе памерлі ажно 6 высокапастаўленых ваенных. Пра гэта паведаміў іспанамоўны тэлеканал Univision 2.

Апошнім з тых, хто памёр стаў Жыльберта Антоніё Кардэра Санчас, які ў 1956 годзе далучыўся да паўстанцкай арміі Фідэля Кастра. Пасля рэвалюцыі ён служыў у кубінскіх узброеных сілах і атрымаў некалькі ўзнагародаў. Цела ваеннага крэміравалі. Паводле звестак тэлеканалу, да смерці Санчаса на востраве памерлі яшчэ пяць генералаў.

Тэлекампанія Marti паведаміла, што з 11 ліпеня загінулі Аўгусцін Пенья Поррас, Марсела Вердыцыя Пердома, Рубен Марцінэс Пуэнтэ, Мануэль Эдуарда Ластрас Пачэка і Арманда Чой Радрыгес. Усе яны былі важнымі фігурамі ў кубінскім ваенным істэблішменце. Сама маладым памерлым стаў 58-гадовы Аўгусцін Пенья Поррас, які быў генерал-маёрам і камандаваў 5-цю правінцыямі на ўсходзе Кубы, ад Камагуэй да Гуантанама, паведаміла газета The Washington Post. Пра яго смерць даведаліся 17 ліпеня. Іншым генералам было ад 79 да 87 гадоў.

The Guardian піша, што ваенныя загінулі пры загадкавых абставінах. Выданне звяртае ўвагу на распаўсюд каронавірусу па востраве. Сярэдні прырост новых выпадкаў захворвання на Кубе набліжаецца да 8 тысяч, амаль у 8 разоў вышэй, чым на пачатку ліпеня. Таму прычынай смерці генералаў можа быць і распаўсюд каронавірусу.

Беларускае Радыё Рацыя