На Майдане зноў неспакойна



У цэнтры Кіева пачалася пратэстная антыўрадавая акцыя. Пратэстоўцы ўжо абвесцілі пра “Трэці Майдан”, на якім абяцаюць высунуць патрабаванні да прэзідэнта, ураду і Вярхоўнай Рады.

На Майдане Незалежнасці зноў стаяць намёты. Па вуліцы Грушэўскага кацяць аўтамабільныя пакрышкі. У жалезных бочках паляць дровы. Людзі ў камуфляжах і балаклавах спінаюцца з праваахоўнікамі.

Гэта не сюжэт мастацкага фільма пра падзеі двухгадовай даўніны, а рэаліі сённяшняга Кіева.

Пасля мерапрыемстваў па ўшанаванню ахвяраў Рэвалюцыі Годнасці некалькі дзясяткаў чалавек занялі гатэль “Казаці”. На Майдане з’явіліся намёты. Невядомыя, якія назваліся сябрамі арганізацыі “Радыкальныя правыя сілы”, абвесцілі, што заўтра на Майдане мае адбыцца Народнае Веча.

У захопленым гатэлі “Казацкі” ўжо пабывалі паліцэйскія, але ніякіх парушэнняў яны не выявілі.

Арганізацыя “Радыкальныя правыя сілы” мае ва Украіне рэпутацыю палітычных маргіналаў і не карыстаюцца асаблівай падтрымкай у грамадстве. А таму гаварыць пра “Трэці Майдан”, як мінімум, заўчасна.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя