На мясцовых выбарах у Літве перамаглі сацыял-дэмакраты (абноўлена)



На выбарах у мясцовае самакіраванне ў Літве перамаглі сацыял-дэмакраты. Паводле папярэдніх дадзеных, літоўскія левыя атрымалі каля 20 % галасоў і занялі першыя месцы ў прамых выбарах мэраў адной траціны ўсіх самакіраванняў. У сваю чаргу драбнейшыя ўдзельнікі ўрадавай кааліцыі „Партыя працы” і „Парадак і справядлівасць” страцілі свае папярэднія пазіцыі.

Вынікі выбараў амаль цалкам адпавядаюць сацыяльным апытанням, якія праводзіліся напярэдадні, рэдактар польскай версіі літоўскага парталу „Delfi” Аляксандр Радчанка:

– Сацыял-дэмакраты выйгралі ў меншых гарадах – на правінцыі, таму ў большых гарадах, што з’яўляецца літоўскай традыцыяй, святкуюць перамогу правыя партыі – кансерватары або лібералы. У гэтым сэнсе не дайшло да вялікіх неспадзяванак, але адзінай такой сенсацыяй, можна сказаць, з’яўляецца добры вынік Руху лібералаў, які называлі малодшым братам кансерватараў.

Прадстаўнікі кіроўных сацыял-дэмакратаў не прайшлі ў другі тур у ніводным з шасці буйных літоўскіх гарадоў. Другі тур выбараў мэраў у Літве пройдзе 15-га сакавіка.

Сенсацыяй завяршыўся першы тур выбараў на пасаду мэра Вільні. Ліберал Рамігіюс Шымашус, якога сацыялагічныя апытанні не разглядалі як рэальнага кандыдата, заняў першае месца з трацінай галасоў выбаршчыкаў. На другім месцы апынуўся цяперашні кіраўнік літоўскай сталіцы кансерватар Артурас Зуокас.

Добры вынік Шымашуса можа быць звязаны з тым, што ўпершыню літоўскі палітык адкрыта падтрымаў патрабаванні меншасцяў, кажа Аляксандр Радчанка:

– Ён вельмі ясна выказаўся ў падтрымку патрабаванняў польскай меншасці, пра двухмоўныя назвы, напісанне імён і прозвішчаў, а таксама ўжыванне польскай мовы ў якасці дапаможнай. Яго жорстка крытыкавалі лібералы, кансерватары і сацыял-дэмакраты, але аказалася, што гэта зусім яму не пашкодзіла. У Вільні ён атрымаў насамрэч вельмі добры вынік і ёсць шанс, што пераможа ў другім туры. Калі пераможа, то гэта будзе пераломам на літоўскай палітычнай сцэне.

Лідар Выбарчая акцыя палякаў у Літве Вальдэмар Тамашэўскі, які ўдзельнічаў у выбарах у саюзе з Альянсам расейцаў, заняў толькі трэцяе месца. У выбарах у гарадскую раду Блок палякаў і расейцаў з 17 % атрымаў другі вынік, саступіўшы толькі лібералам.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя