На палігоне “Гожскі” пад Гародняй высадзіўся дэсант сіл спецаперацый Беларусі і Расеі



Сёння, 12 лістапада, на палігоне “Гожскі” пад Гародняй ажыццявілася высадка сумеснага тактычнага паветранага дэсанта сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Беларусі і паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сіл Расеі ў складзе зводнай батальённай тактычнай групы. Мінабароны паведамляе, што “у сувязі з нарошчваннем ваеннай дзейнасці паблізу дзяржаўнай мяжы Беларусі праводзіцца праверка аднаго з кампанентаў сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы”.  

Задзейнічаны самалёты Іл-76 ваенна-транспартнай авіяцыі Расеі, а таксама верталёты ВПС і войскаў СПА Беларусі. Беларускія і расейскія дэсантнікі выканаюць шэраг вучэбна-баявых задач, у тым ліку захоп і ўтрыманне плацдарма, пошук і знішчэнне прызначаных аб’ектаў, а таксама дыверсійна-разведвальных груп праціўніка і незаконных узброеных фармаванняў.

Па завяршэнні адпрацоўкі ўсіх задач тактычнага дэсанта яго ўдзельнікі вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі, зазначаецца ў паведамленні.  

Беларускае Радыё Рацыя

© Photo : Telegram / Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь