На пасаду новага старшыні АГП прэтэндуюць ужо чатыры чалавекі



На пасаду новага старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, чарговы з’езд якой адбудзецца 8 ліпеня, на сёння прэтэндуюць ужо чатыры чалавекі.

Гэта дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, намеснікі старшыні партыі Васіль Палякоў і Мікалай Казлоў (апошні пакуль яшчэ не прыняў канчатковага рашэння аб сваім вылучэнні), а таксама актывіст партыі Сяргей Скрабец.

Цяперашні старшыня партыі Анатоль Лябедзька пакуль не ведае, ці будзе вылучацца ў чарговы раз на пасаду старшыні. „Сёння чатыры прэтэндэнты, заўтра можа быць восем. Выбар у партыі ёсць”, — адзначыў ён.

Пра верагоднасць вылучэння на пасаду старшыні АГП палітык заявіў: „На сёння 99,9% — не, а калі раптам нешта пойдзе па цалкам грубым сцэнарыі нейкіх вонкавых умяшанняў — тады не выключаю”.

Першымі пра сваё жаданне вылучацца на пасаду старшыні АГП заявілі Канапацкая і Палякоў.

Папярэдні з’езд АГП адбыўся ў ліпені 2016 года. Тады Лябедзька заявіў, што, на яго думку, „у любым выпадку, калі не цяпер, то праз два гады ў партыі павінен быць новы старшыня”. „Я за канкурэнцыю, на бліжэйшыя два гады трэба ствараць у партыі атмасферу для альтэрнатывы. У кожнага павінен быць шанец за гэты час стаць прэтэндэнтам на пасаду старшыні і яго намеснікаў”, — сказаў ён.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая з’яўляецца членам АГП, раней заяўляла, што плануе вылучацца на пасаду старшыні партыі. У яе і кіраўніцтва АГП паўсталі супярэчнасці ў меркаваннях аб далейшай дзейнасці пасля заявы Канапацкай аб стварэнні руху „Наперад, Беларусь”.

Лябедзька, які ўзначальвае АГП з 2000 года, 10 красавіка заявіў БелаПАН, што пакуль не плануе свайго чарговага вылучэння на пасаду старшыні партыі, хоць і не выключае такой магчымасці. „Мая палітычная і фізічная форма такая, што я гатовы працаваць 24 гадзіны за суткі, калі трэба будзе. Зразумела, што сцэнар з’езду будзе асаблівым. У мяне ў графіку пакуль няма пункта вылучацца старшынёй, але калі сітуацыя запатрабуе, я буду гатовы да гэтага”, — сказаў ён.

belapan.by