На пасаду старшыні Партыі БНФ прэтэндуюць чатыры кандыдаты



На пасаду старшыні Партыі БНФ, які павінен быць абраны на з’ездзе 30 верасня, прэтэндуюць чатыры кандыдаты, паведаміў БелаПАН дзейны старшыня арганізацыі Аляксей Янукевіч.

„На сёння аб’яўленыя чатыры прэтэндэнты на пасаду старшыні. Гэта намеснік старшыні партыі экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў, кіраўнік Наваполацкай раённай арганізацыі Вольга Дамаскіна, кіраўнік Менскай раённай арганізацыі Ілья Дабратвор і прадпрымальнік Алесь Талстыка. Нехта заявіў пра сваё вылучэнне сам, некага вылучылі партыйныя арганізацыі”, — удакладніў Янукевіч.

Магчыма, мяркуе палітык, да з’езду дададуцца яшчэ кандыдатуры. „Гэта нармальны працэс, Партыя БНФ заўсёды была дэмакратычнай арганізацыяй. Для нас не з’яўляецца прыярытэтам прызначыць адміністрацыйным спосабам пераемніка. Мы за тое, каб дэлегаты з’езда мелі магчымасць выбіраць з некалькіх кандыдатур будучага старшыню”, — адзначыў ён.

Янукевіч на пасаду старшыні партыі вылучацца не можа. Паводле статута арганізацыі, адзін чалавек не можа ўзначальваць партыю больш за два тэрміны.

Палітык заявіў, што на з’ездзе не плануецца змяняць статут партыі, каб даць яму магчымасць абірацца на новы тэрмін. „Статут змяняць не плануецца. Тыя абмежаванні, якія былі ўнесеныя раней, лічу, слушныя”, — сказаў ён.

Пры гэтым Янукевіч адзначыў, што ў яго ёсць „бачанне таго, як партыя можа і павінна развівацца ў будучыні”. „Калі будзе падтрымка дэлегатаў з’езда і новага старшыні (я спадзяюся, што яна будзе), я ў якасці намесніка або першага намесніка планую працягнуць актыўную дзейнасць у партыі пасля заканчэння тэрміну майго старшынства. Я не збіраюся адыходзіць ад актыўнай палітычнай дзейнасці ў шэрагах Партыі БНФ”, — заявіў ён.

Падрыхтоўка да з’езда, паведаміў Янукевіч, ідзе ў адпаведнасці з планам. „У нас пакуль няма падпісанай дамовы арэнды, але перамовы з некаторымі ўладальнікамі залаў вядуцца, думаю, праблем з гэтым не будзе. Сходы па вылучэнні дэлегатаў праходзяць у адпаведнасці з графікам па ўсёй Беларусі. На сёння на з’езд ужо вылучана больш за 100 дэлегатаў, усяго мы чакаем удзелу ў мерапрыемстве каля 200 дэлегатаў”, — сказаў ён.

belapan.by