На перапахаванні Каліноўскага Беларусь прадставіць намеснік прэм’ер-міністра



Паслу Літвы Андрусу Пулокасу на сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі 18 лістапада перададзеныя вынікі праведзенай у Беларусі экспертызы матэрыялаў з магчымага пахавання брата Кастуся Каліноўскага – Віктара Каліноўскага, паведамляе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.

Падрабязнасці правядзення экспертызы МЗС не паведамляе. 

Прэс-служба таксама паведамляе, што прадстаўнікі МЗС абмеркавалі з літоўскім дыпламатам „арганізацыйныя аспекты ўдзелу беларускай дэлегацыі ва ўрачыстай цырымоніі перапахавання ўдзельнікаў паўстання 1863 года”, якая адбудзецца 22 лістапада ў Вільні. Афіцыйную дэлегацыю Беларусі на перапахаванні Каліноўскага ўзначаліць намеснік прэмʼер-міністра Ігар Петрышэнка.

Чатыры магілы з астанкамі 20 паўстанцаў былі знойдзеныя на гары Гедыміна ў цэнтры Вільні восенню 2017 года. Дакладна вядома, што ў адной з іх былі астанкі Зыгмунта Серакоўскага. Гэта даказвае яго заручальны пярсцёнак, знойдзены ў пахаванні. Навукоўцы Віленскага ўніверсітэта таксама паведамілі аб атрыманні ўскосных пацверджанняў таго, што на гары Гедыміна знойдзеныя і астанкі кіраўніка паўстання 1863—1864 гадоў Кастуся Каліноўскага, але для доказу гіпотэзы патрэбныя генетычныя даследаванні. У ліпені 2019 года была пачатая эксгумацыя астанкаў брата Кастуся — Віктара Каліноўскага.

Пасля перапахавання, як паведамлялі літоўскія СМІ, надпісы на магілах будуць зробленыя на польскай і літоўскай мовах. Гэта выклікала негатыўную рэакцыю ў Менску. Прадстаўнікі беларускай грамадскасці звярнуліся да ўрада Літвы з просьбай зрабіць на помніках удзельнікам паўстання ў Польшчы і Беларусі 1863—1864 гадоў надпісы ў тым ліку па-беларуску.

Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус на перамовах 25 верасня ў Нью-Ёрку перадаў беларускаму калегу Уладзіміру Макею запрашэнне для афіцыйнай дэлегацыі Беларусі наведаць цырымонію. Паводле слоў літоўскага міністра, Макей заявіў, што прадстаўнікі Беларусі „будуць зацікаўленыя паўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве”, але не канкрэтызаваў, якога роўню можа быць гэтая дэлегацыя.

Паводле belapan.by

Фота 15min.lt