На сустрэчы «нармандскай чацвёркі» хочуць вызначыць дату перамоваў Украіны з «ЛНР» і «ДНР»



Палітычныя дарадцы лідараў «нармандскай чацвёркі» — Нямеччыны, Францыі, Украіны і Расеі сёння, 26 студзеня, сустракаюцца ў Парыжы. Падчас кансультацый, у прыватнасці, «хочуць вызначыць дату, калі Украіна правядзе перамовы з сепаратыстамі аб асаблівым статусе Данбаса», паведамляе агенцтва dpa са спасылкай на крыніцы ў Елісейскім палацы 25 студзеня.

Па гэты дзень Украіна афіцыйна адхіляла любыя ініцыятывы па перамовах з прадстаўнікамі самаабвешчаных рэспублік на Данбасе. Кіеў бачыць за сталом перамоваў толькі Расею як бок канфлікту, піша Deutsche Welle.

Таксама, як адзначае dpa, падчас перамоваў дарадцаў у Парыжы гаворка пойдзе пра «гуманітарныя меры і меркаванні адносна будучыні Украіны».

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон плануе 28 студзеня правесці перамовы з Уладзімірам Пуціным па дээскалацыі канфлікту вакол Украіны. У Елісейскім палацы лічаць, што добрым сігналам дээскалацыі, у прыватнасці, стаў бы ціск з боку Расеі на сепаратыстаў, каб правесці перамовы з Кіевам аб статусе Данбаса. Факт перамоваў палітычных дарадцаў у Парыжы пацвердзіў і кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак. Па яго словах, на іх гаворка пойдзе пра рэжым спынення агню на Данбасе, а таксама пра кожны з пунктаў менскіх пагадненняў. Пры гэтым Ярмак чакае, што падчас перамоваў Нямеччына і Францыя будуць займаць праактыўную пазіцыю.

[manual_related_posts]