На турэцкім караблі каля Адэсы матросы ўсчалі бунт



На турэцкім грузавым судне «Mehmet Unlu», што знаходзіцца ў порце «Паўночны», распачаўся бунт маракоў. Пра гэта паведамляе ўкраінскі тэлеканал «24», а таксама шматлікія ўкраінскія інтэрнэт-рэсурсы.

ui-57cd43de187f44.83938096

Паведамленні пра бунт на турэцкім караблі нагадваюць старонкі з рамана «Выспа скарбаў» Роберта Льюіса Стывенсана. Украінскія медыя інфармуюць, што некалькі членаў экіпажу вырашылі ўзяць уладу на судне ў свае рукі, пры гэтым накінуліся на капітана з нажом і моцна яго паранілі. Большая частка турэцкіх матросаў не падтрымала бунтаўшчыкоў. Яны адключылі электрычнасць на судне,  забарыкадаваліся ў адным з адсекаў і далі сігнал SOS. Некіруемае судна панесла на камяні. Але дыспетчыры выклікалі буксір, які і прыйшоў на дапамогу і адбуксіраваў карабель падалей ад берага.

У Адэсе па трывозе былі паднятыя спецназаўцы Міністэрства Унутраных спраў і Службы Бяспекі Украіны, а таксама памежнікі, якія ўзялі карабель штурмам і абясшкодзілі мяцежнікаў.

Шматмэтавы карабель «Mehmet Unlu» ішоў з Мікалаева ў адзін з партоў Міжземнага мора. Цяпер турэцкаму судну давядзецца затрымацца ў Адэскім порце на нявызначаны тэрмін.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя