На Вячаслава Сіўчыка аказваюць ціск у ізалятары



На лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка аказваюць ціск у ізалятары ў Жодзіне, дзе ён ужо дзявятыя суткі адбывае пакаранне.

Збітаму падчас затрымання палітыку адмаўляюць у выдачы акуляраў, адваката да яго не дапускаюць.

Як распавяла маці палітыка Галіна Сіўчык, у Вячаслава сур’ёзныя праблемы са зрокам, без акуляраў ён амаль не бачыць.

— Мы яго бачыць не можам і не было яшчэ адваката ў яго. Магчыма ў панядзелак усё ж даможамся, што адвакат да яго прыйдзе, і тады будуць дакладныя звесткі. Яго бачыў Пётр Маркелаў, які сядзеў у Жодзіна, і ён сказаў, што Вячаслаў без акуляраў. У Вячаслава зрок мінус трынаццаць і ён без акуляраў увогуле бездапаможны. Мала таго, што яго жорстка збівалі пры затрыманні, дык і тое, што яго трымаюць без акуляраў, гэта таксама катаванне.

Лідэр руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык быў жорстка затрыманы 23 сакавіка, падчас жалобнай цырымоніі на пахаванні свайго дзядзькі. Невядомыя ў цывільным забралі яго з аўтобуса, які ехаў на могілкі пад Менскам. У той самы дзень суд Цэнтральнага раёнf Менска пакараў палітыка 15-ці суткамі арышту за мітынг у Курапатах. На волю Вячаслаў Сіўчык павінен выйсці 7 красавіка, а 13-тай гадзіне.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя