На выбарах будзе рэкордная колькасць назіральнікаў



Колькасць акрэдытаваных нацыянальных назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах дасягнула новай рэкорднай адзнакі — 48.642, сведчаць абноўленыя 3 жніўня дадзеныя Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. За апошні тыдзень іх стала больш на 3.212.

На прэзідэнцкіх выбарах 2001 года было 21.887 нацыянальных назіральнікаў, 2006-га — 32.996, 2010-га — 39.619, 2015-га — 43.572 (дадзеныя за 1994 год у архіўным раздзеле сайта ЦВК адсутнічаюць).

Больш за ўсё нацыянальных назіральнікаў зарэгістравалі ўчастковыя выбаркамы — 47.650 (+3.198 за тыдзень). Раённыя камісіі акрэдытавалі 706 назіральнікаў (+9), раённыя камісіі ў гарадах — 197 (+4), абласныя — 42 (0), гарадскія (у гарадах абласнога падпарадкавання) — 24 (0), Менская гарадская выбарчая камісія — 14 (+1), Цэнтрвыбаркам — 9 (0).

33.013 нацыянальных назіральнікаў, або 67,9%, прадстаўляюць грамадскія аб’яднанні (+892), у пераважнай большасці праўладныя. З іх прафесійнымі саюзамі, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, вылучана 9.267 чалавек (+198), Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі — 6.141 (+14), РГА „Белая Русь” — 5.264 (+41), Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў — 4.011 (+94), Беларускім саюзам жанчын — 3.842 (+42), Беларускім фондам міру — 1.769 (+60), Беларускім Хельсінкскім камітэтам — 229 (+123), грамадскім аб’яднаннем „Гавары праўду” — 46 (+46), рухам „За Свабоду” — 38 (+35), грамадскім аб’яднаннем „БНФ „Адраджэньне” — 9 (+3). Іншыя грамадскія аб’яднанні прадстаўляюць 2.397 чалавек (236).

Ад палітычных партый выбаркамы акрэдытавалі 2.606 назіральнікаў (+182), таксама ў асноўным праўладных. У Камуністычнай партыі 1.201 прадстаўнік (+38), у Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці — 736 (+11), Ліберальна-дэмакратычнай партыі — 241 (+17), Беларускай аграрнай партыі — 107 (0), Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды — 102 (+12), Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі — 63 (+1), Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 62 (+48), Партыі БНФ — 29 (+24), Рэспубліканскай партыі — 21 (0), Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) — 18 (+16), Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ — 12 (+11), Беларускай патрыятычнай партыі — 8 (0), Беларускай партыі „Зялёныя” — 6 (+4).

10.501 грамадзянін стаў назіральнікам шляхам падачы адпаведнай заявы ад свайго імя (+2.049), 2.522 акрэдытавана ад працоўных калектываў (+89).

22 ліпеня Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў прыняла пастанову, згодна з якой колькасць назіральнікаў на выбарчых участках у асноўны дзень галасавання на выбарах прэзідэнта (9 жніўня) не павінна перавышаць пяці, у дні датэрміновага (4—8 жніўня) — трох.

Прапанову аб абмежаванні колькасці назіральнікаў унесла старшыня камісіі Лідзія Ярмошына, патлумачыўшы неабходнасць такіх мер эпідэміялагічнай сітуацыяй і клопатам аб бяспецы членаў выбаркамаў.

„Справа ў тым, што калі мы прааналізуем практыку правядзення ранейшых выбарчых кампаній, то ў нас часта аказваецца, што назіральнікаў больш, чым членаў участковых выбарчых камісій, — сказала яна. — Гэтыя назіральнікі часта навязваюць і стыль паводзінаў, і дзеянні членам участковых выбарчых камісій. Я ўжо не кажу, што могуць быць і пагрозы фізічнай небяспекі”.

Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ заявіла, што не будзе назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі з-за позняга запрашэння.

Дапаўненне. Паводле інфармацыі ЦВК на 3 жніўня, на выбарах акрэдытаваны 201 міжнародны назіральнік, у тым ліку 166 — ад СНД (47 з іх прадстаўляюць Міжпарламенцкую асамблею СНД) і 35 — ад дыпламатычнага корпуса.

belapan.by