На юбілейным саміце „Усходняга партнёрства” Беларусь прадстаўляе Уладзімір Макей



Дзясяты юбілейны саміт „Усходняга партнёрства” пачаўся ў Брусэлі. Беларусь на ім прадстаўляе міністр замежных спраў краіны Уладзімір Макей. Аляксандр Лукашэнка адмовіўся прыняць удзел у паседжанні.

Па меркаванню намесніка старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, гэта не лепшы крок кіраўніка дзяржавы, таму што супрацоўніцтва Беларусі з Еўрапейскім звязам надзвычай важнае для будучыні нашай краіны, нават улічваючы, што тая форма супрацоўніца, якая была знойдзена, і не з’ўлялася ідэальнай.

– Яна, канешне, прапаноўвала, на маю думку, нават ад пачатку занадта мала тым краінам, якія ўваходзілі ў гэтую ініцыятыву. Але, прынамсі, гэта была важная ініцыятыва. На жаль, беларускія ўлады паводзяць сябе і ставяцца да гэтай ініцыятывы так, нібы гэта Еўразвязу нешта трэба ад Беларусі, а не нашай краіне трэба гэтая інтэграцыя. І тое, што Аляксандр Лукашэнка ўжо, па-мойму, не першы раз адмаўляецца ад запрашэння на мерапрыемства ў межах Усходняга партнёрства, таксама дэманструе стаўленне беларускіх уладаў.

Таму бачна, што нават падчас вострых сварак з кіраўніцтвам Расеі, ментальна пераарыентавацца на іншыя, значна больш важныя і перспектыўныя накірункі міжнароднага супрацоўніцтва цяперашняе беларускае кіраўніцтва не здольна, – лічыць Аляксей Янукевіч. А гэта марнуе спрыяльныя для адносінаў з Захадам час і магчымасці і стварае пагрозы для бяспекі і нават незалежнасці Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя