Надзея Саўчанка прапануе адмовіцца ад Крыма дзеля Данбаса



Дэпутатка Вярхоўнай Рады Украіны Надзея Саўчанка выступіла з чарговай скандальнай заявай. Яна прапанавала вызнаць анексаваны Крым тэрыторыяй Расейскай Федэрацыі, каб такім чынам вярнуць Данбас. Пры гэтым Саўчанка не патлумачыла прычынна-выніковай сувязі паміж вызнаннем Крыма і вяртаннем Данбаса, а не механізма ліквідацыі непрызнаных ДНР і ЛНР.

Заява Надзеі Саўчанкі выклікала шквал адмоўных рэакцый ва ўкраінскім грамадстве. Вось як ацэньвае яе ўкраінскі аналітык Аляксей Кірыленка:

— Фактычна гэта капітуляцыя, гэта працуе на тактыку і стратэгію Расеі. Хіба Надзея не ведае пра гэта? Калі мы згаджаемся на такое, мы становімся на лінію Расеі, пачынаем крок па кроку прайграваць. Тут простых рашэнняў не бывае, а яна кажа: давайце будзем усё спрашчаць. Калі мы будзем спрашчаць, дык будзем прайграваць у гэтай вайне. 

Пасля вызвалення Надзеі Саўчанкі з расейскага палону яе рэйтынг даверу ва Украіне складаў каля 55 %. Пасля шэрагу заяваў, якія былі расцэненыя грамадствам, як прарасейскія, яе рэйтынг скаціўся амаль да нуля.

Беларускае Радыё Рацыя